Дзякуючы неабыякавым людзям адзінокая жанчына-інвалід атрымала дапамогу

Гнэся Боднева жыве ў вёсцы Радзюкі Шаркаўшчынскага раёна з 1948 года. Яе сям’я пераехала сюды з Ушачаў, калі ёй было адзінаццаць гадоў. Гаворыць Гнэся Боднева:

“Сям’я вялікая ў мамы была, вучыцца неяк мне было, я тады пайшла да свіней пастушкай, потым ужо крыху пабольшала, мяне паставілі самастойна працаваць, і я працавала, сорак гадоў на ферме адпрацавала”.

Спадарыня Гнэся, або, як завуць яе ў вёсцы, Геня, за сваю працу ўзнагароджаная шматлікімі граматамі і медалямі, мае нават ордэн. Але вось здарылася бяда, яна захварэла, і ёй у бальніцы ампутавалі нагу. І засталася жанчына адна са сваёй бядой. Родных у яе няма, а тыя сацыяльныя работнікі, якія прызначаліся яе даглядаць, аказваліся, па словах пенсіянеркі, людзьмі нядобрасумленнымі, нават абкрадалі жанчыну. Кіраўніцтва ж гаспадаркі, дзе Гнэся Афраімаўна адпрацавала сорак гадоў, пра яе забылася. Гаворыць жыхарка вёскі Радзюкі Людміла Ардынская:

“А яшчэ трэба дадаць, што кіраўніцтва тое, саўгаснае, дзе яна працавала, ніколі не наведаюць і не спытаюцца, якая трэба чалавеку дапамога. Ніколі. Прыходзіцца наймаць чалавека абкошваць гэту тэрыторыю ад пустазелля, самой плаціць”.

Нават узяць каня, каб узараць гарод на ферме, дзе жанчына адпрацавала столькі гадоў даяркай, было праблемай. Працягвае Гнэся Боднева:

“Ніхто не дапамог у саўгасе, во зараз і не спытаюць, як ты. Адпрацаваўшы сорак гадоў, ніхто дзвярэй не адчыніць з начальства. І застаўшыся адна, нікога няма”.

Тады Людміла Ардынская патэлефанавала грамадскай актывістцы з Германавічаў Адзе Райчонак з просьбай дапамагчы адзінокай жанчыне. Працягвае Ада Райчонак:

“Вось тут у нас жанчына, інвалід з адной нагой, у яе такая праблема, што ёй не могуць знайсці чалавека, які б яе даглядаў. Аплата мільён трыста. За такую плату нармальныя людзі не ішлі. Трапляліся ёй п’яніцы, зарплату атрымаюць, яе абкрадуць і сыходзяць. Вось такая ў яе была бяда”.

Ада Райчонак адразу ж наведала жанчыну. Высветлілася, што Гнэся Афраімаўна — яўрэйка, а ў Полацку ёсць яўрэйская абшчына, якая такіх людзей не кідае ў бядзе. І вось з нядаўняга часу Гнэся Боднева атрымала дапамогу, ёй прызначылі жанчыну для догляду, якой яўрэйская абшчына аплачвае патранаж. Так дзякуючы неабыякавым людзям атрымалася дапамагчы самотнаму чалавеку.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі