Дзяніса Дземуха асудзілі на 1,5 года калоніі за "Марш вызвалення палітвязняў"
9 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска прызначыў палітвязню Дзянісу Дземуху паўтара года калоніі агульнага рэжыму.
Як піша праваабарончы сайт "Вясна", справу Дземуха суддзя Алег Каляда разгледзеў за некалькі гадзін. Ён прызнаў хлопца вінаватым у здзяйсненні злачынства паводл арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Дземуха затрымалі 4 кастрычніка пасля "Маршу вызвалення палітвязняў". Яго асудзілі на 13 сутак, аднак пасля іх на волю ён не выйшаў: на яго пачалі крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязнем.
Дарэчы, на судзе "Мінсктранс" заяўляў грамадзянскі пазоў пра кампенсацыю матэрыяльнай шкоды. Аднак суд патрабаванні "Мінсктранса" не задаволіў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.