Дзяржсакратар ЗША падтрымаў беларусаў у гадавіну затрымання Ціханоўскага
Энтані Блінкен / European Commission
Святлана Ціханоўская заклікала сусветную супольнасць выказаць салідарнасць з Беларуссю ў гадавіну затрымання яе мужа, Сяргея Ціханоўскага. Адгукнуўся нават дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
“У гэты Дзень салідарнасці з Беларуссю мы помнім пра пакуты, выкліканыя прыгнечаннем праў чалавека рэжымам Лукашэнкі, грэбаваннем міжнароднымі нормамі і саўдзелам у вайне Расіі супраць Украіны. Мы разам з беларускім народам сёння і кожны дзень”, — напісаў у сваім Твітар-акаўнце Энтані Блінкен.
The United States has stood with the people of Belarus and supported their democratic aspirations and efforts for more than 30 years. We are committed every day to #StandWithBelarus pic.twitter.com/gVd8m3o3zJ
— U.S. Embassy Minsk (@USEmbBy) May 29, 2022
Выказалася таксама ўдава сенатара Джона Макейна — Сіндзі Макейн. Яна ўспомніла пра тое, што яе муж быў ваеннапалонным і правёў у палоне больш за пяць гадоў. Ён адмовіўся быць вызваленым да таго, як вызваляць іншых палонных.
Яна параўнала гэта з дзеяннямі Святланы Ціханоўскай, якая “ставіць іншых на першае месца, адмаўляючыся ад прывілеяванага дачынення да свайго мужа і патрабуючы волі для ўсіх 1200+ палітвязняў у Беларусі”.
“Я захапляюся яе самаадданасцю і адвагай”, — напісала Сіндзі Макейн.
Але сярод каментароў да словаў падтрымкі амерыканскіх палітыкаў былі і іранічныя. Так, адзін з карыстальнікаў спытаў, ці хопіць ва ўрада ўгнаенняў, каб “гэта дрэўца працягвала расці”. Гаворка ідзе пра падаражэнне азотных угнаенняў у сувязі з санкцыямі, накладзенымі на Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.