Экс-дырэктар санаторыя "Беларусь" у Сочы выйшаў на волю датэрмінова

Экс-дырэктар санаторыя "Беларусь" у Сочы выйшаў на волю датэрмінова

Экс-дырэктар санаторыя "Беларусь" у Сочы Георгій Саракашыш выйшаў на волю паводле памілавання ад Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе партал tut.by а спасылкай на інфармаваную крыніцу.

Падрабязнасці гэтай справы не паведамдяюцца. Крыніца tut.by мяркуе, што вызваленне адбылося ў рамках усеагульнай кампаніі па памілаванні былых чыноўнікаў, якіх вызваляюць з турмы і накіроўваюць падымаць праблемныя прадпрыемствы. За апошні час прайшло некалькі падобных паведамленняў. У прыватнасці, намеснік генпракурора Архіпаў быў выпушчаны датэрмінова і прызначаны кіраўніком калгаса на Міншчыне.

Георгій Саракашыш — грамадзянін Расіі. Яго затрымалі ў снежні 2012 года. Разам з дырэктарам санаторыя, які ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі, затрымалі таксама яго намесніка Аляксандра Кізіму і кіраўніка сочынскай будаўнічай кампаніі Андрэя Меранкова. У кастрычніку 2014 года Кізіма і Меранкоў былі асуджаныя на 9 гадоў пазбаўлення волі кожны, а Саракашыш — на 6 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў буйным крадзяжы сродкаў. Шкода Кіраўніцтву справамі прэзідэнта была ацэненая каля 22 млрд рублёў, што складала больш за 2 млн долараў. Злачынства адбылося падчас будаўніцтва комплексу адпачынку ў пасёлку Красная Паляна каля горада Сочы напярэдадні зімовай Алімпіяды-2014. Гэты комплекс задумваўся як складовая частка санаторыя "Беларусь".

Дарэчы, у прыёмнай дырэктара санаторыя ў Сочы не маюць інфармацыі пра лёс Саракашыша.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі