Экс-кіраўніка Бабруйска асудзілі на 8 гадоў за хабарніцтва

Экс-кіраўніка Бабруйска асудзілі на 8 гадоў за хабарніцтва

Магілёўскі абласны суд прысудзіў былому старшыню Бабруйскага гарвыканкама Андрэю Каваленку восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабару і замаху на атрыманне хабару, перадае БЕЛТА.

У экс-мэра канфіскуюць усю маёмасць. Таксама яго пазбавяць на 5 гадоў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Не  дазволяць яму на такі ж тэрмін і займаць пасады, якія даюць права ў межах сваёй кампетэнцыі аддаваць распараджэнні або загады і прымаць рашэнні адносна асоб, не падпарадкаваных яму па службе.

Яшчэ два фігуранты справы прызнаныя вінаватымі ў падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры. Кожнага з іх пакаралі на два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў належным парадку.

Раней паведамлялася, што экс-кіраўніка Бабруйска затрымалі ў лістападзе 2016 года, падазрабчы ў хабарніцтве. На працягу доўгага часу ён атрымліваў хабар у беларускай і замежнай валюце ад прадстаўнікоў суб'ектаў гаспадарання і звычайных грамадзян. Чыноўнік браў хабар за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Да суда ён знаходзіўся пад вартай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі