Экс-міліцыянта асудзілі на два гады за падабайку ў "Аднакласніках"
1 красавіка суд Быхаўскага раёна асудзіў мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка на два гады калоніі агульнага рэжыму. Мужчыну прызналі вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — арт. 367 (паклёп на Аляксандра Лукашэнку) і арт. 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі), паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.
Паводле матэрыялаў справы, не пазней за жнівень 2021-га Аўдзяюк паставіў "клас" пад пастом у пабліку "Мая краіна — вольная еўрапейская Беларусь" у "Аднакласніках". У пасце быў фатаздымак Лукашэнкі і абразлівы надпіс, звязаны з абвінавачваннем у фашызме.
Судова-лінгвістычная экспертыза палічыла, што гэтыя падабайка ўказвае на "негатыўную ацэнку Лукашэнкі". А дзяржабвінаваўца на судзе і ўвогуле заявіў аб праяве "сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады". На думку пракурора, Аўдзяюк паставіў падабайку з... помсты.
"Гэта не было асабістай помстай прэзідэнту. Пры ім я адслужыў у міліцыі, атрымаў кватэру. Да яго ў мяне ніякіх прэтэнзій не было і няма. Пэўныя дзеянні, якія маглі выклікаць нейкі негатыў, здзяйсняе не ён, а іншыя людзі. Чаму пакінуў "клас"? Можа, павеяў вецер пераменаў, можа, і хацелася пераменаў тады", — заявіў падсудны.
Увосень 2020 года пад суд трапіў сын Аўдзеюка Раман. Яго судзілі па справе аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 10 жніўня 202-га. Раман адбыў чацвёра сутак у Магілёўскім ІЧУ, пасля чаго абласны суд адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі і адправіў справу на дапрацоўку. Па выніку разбору было вырашана, што доказаў віны Рамана Аўдзеюка недастаткова, каб прыцягнуць яго да адміністрацыйнай адказнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.