Эксперты ААН заклікаюць Беларусь у час COVID-19 вызваліць асуджаных за наркотыкі
Эксперты ААН па правах чалавека заклікаюць беларускі ўрад неадкладна вызваліць дзяцей і маладых людзей, пазбаўленых волі за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Гэтую меру яны звязваюць з небяспекай ад распаўсюду каранавіруснай інфекцыі COVID-19.
"Урад Беларусі павінен прыняць тэрміновыя меры для абароны здароўя і бяспекі асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у прыватнасці дзяцей і маладых людзей, асуджаных на непрапарцыйна доўгія тэрміны зняволення — да 12 гадоў — за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі", — гаворыцца ў заяве. Эксперты прапануюць ужыць да ўсіх іх амністыю.
На думку экспертаў, беларускія ўлады мусяць усялякім чынам пазбягаць затрымання дзяцей і вызваліць тых, хто не ўяўляе пагрозы для грамадства. Акрамя таго, прапануецца распрацаваць меры, альтэрнатыўныя ўтрыманню падлеткаў пад вартай — гэта асабліва актуальна падчас пандэміі каранавіруса.
Экспертамі выступілі спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і працоўная група па адвольных затрыманнях: Хасэ Антоніо Гевара Бермудэс (старшыня), Лейх Тумі (намеснік старшыні), Эліна Штайнерт (намеснік старшыні), Сёнг-Філ Хонг і Сетонджы Роланд Аджові.
Дарэчы, міністр унутраных спраў Юрый Караеў напярэдадні заявіў, што сярод асуджаных у Беларусі зафіксаваныя толькі два выпадкі каранавіруса — ва ўстановах адкрытага тыпу (так званая "хімія").
Па стане на 7 траўня ў Беларусі зарэгістравана 20 168 выпадкаў каранавіруса, памерлі 116 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.