Знішчаны чат сваякоў вязняў Бабруйскай калоніі
Сацсеткі, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Улады працягваюць пераследаваць адміністратараў чатаў, якія аб'ядноўваюць сваякоў асуджаных. Як даведаліся праваабаронцы з MAYDAY, цяпер знішчаны чат папраўчай калоніі №2 у Бабруйску.
Гэты Viber-чат аб'ядноўваў сваякоў вязняў і не ўваходзіў у спіс абвешчаных "экстрэмісцкімі". У яго назве не было згадкі пра калонію, і выглядаў ён як проста чат узаемадапамогі людзей у цяжкай сітуацыі. Тым не менш 5 чэрвеня чат быў самараспушчаны ў тэрміновым парадку.
Як паведамляюць праваабаронцы, спецслужбы вылічылі адміністратара чата. Пасля гэтага кіраўніцтва калоніі прыгразіла вялікімі праблемамі, калі праца чата працягнецца.
Пастановай КДБ ад 6 красавіка былі прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі" 10 тэлеграм-чатаў, 9 вайбер-чатаў і 3 паблікі ў сацсетках для сваякоў асуджаных. Усе яны самараспусціліся пасля гэтага рашэння. Тым не менш інфармацыя з-за кратаў працягвае трапляць у непадкантрольныя ўладзе СМІ, што выклікае нервовую рэакцыю ў спецслужбаў.