У ініцыятыўных групах прэтэндэнтаў у прэзідэнты ад 800 чалавек да 10 тысяч
Як даведалася Еўрарадыё, рэгістраваць свае групы кандыдаты ў кандыдаты збіраюцца ў апошнія дні.
Большасць прэтэндэнтаў у прэзідэнты падаваць дакументы на рэгістрацыю
будуць у апошні дзень — 24 верасня. Пры гэтым найбольшая група — у
Гайдукевіча: больш за 10 тысяч чалавек, найменшая — у Раманчука: каля
800, а колькі людзей у Саннікава — невядома.
Тэрмін падачы
дакументаў у Цэнтрвыбаркам на рэгістрацыю ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў
у прэзідэнты заканчваецца 24 верасня. Але пакуль зарэгістраваўся толькі
Віктар Цярэшчанка. Як стала вядома Еўрарадыё, 23 верасня панясуць дакументы на рэгістрацыю Ўладзімір Някляеў і Яраслаў Раманчук.
Паводле словаў Раманчука, наведаюць ЦВК яны ў чацвер у першай палове дня.
Яраслаў Раманчук: “Заўтра пойдзем у першай палове дня. Збіраем усе дакументы — і з гімнамі, з песнямі, танцамі, пляскамі ідзем рэгістравацца”.
Група
ў намесніка старшыні АГП невялікая: каля 800 чалавек. Спіс іх складзены
як на рускай, так і на беларускай мовах. Але, кажа, гэта толькі
афіцыйныя звесткі.
Яраслаў Раманчук: “Гэта тыя людзі,
якія на сто адсоткаў будуць займацца зборам подпісаў. Ёсць яшчэ адна
група, пра якую мы не кажам. Гэтыя людзі будуць збіраць подпісы, але з
фармальных прычынаў не могуць увайсці ў групу. Таму калі падлічыць, то
іх будзе значна больш, але на рэгістрацыю будзем падаваць толькі тых,
хто ёсць у спісе”.
Згодна з яго словамі, праблем з
фармаваннем групы не было. Да таго ж палітык не супраць, калі сябры яго
групы паралельна будуць збіраць подпісы за іншага кандыдата. Галоўнае,
каб працавалі добра.
Лідар кампаніі “Гавары праўду!” таксама
панясе “двухмоўныя” спісы сваёй групы ў ЦВК у перадапошні дзень. У яе
складзе больш за 2 тысячы чалавек. І ніякіх праблем з фармаваннем групы,
адзначае Някляеў, не ўзнікала.
Уладзімір Някляеў: “У нас штодзённа праходзяць планёркі, і ні разу праблем са зборам подпісаў не ўзнікала”.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў
панясе дакументы ў апошні дзень рэгістрацыі. Усе спісы і заявы —
па-беларуску. Яго група налічвае звыш 1,5 тысяч чалавек. І праблема,
кажа, пры яе фармаванні была адна: упэўніць сябраў партыі, што Кастусёў —
не тэхнічны кандыдат.
Рыгор Кастусёў: “У нас самая
галоўная праблема была ў тым, каб пераканаць “фронтаўцаў”. Ну, а зараз —
1,5 тысячы набралася, і дай Бог гэтых людзей арганізаваць, каб яны
спрацавалі. Вялікай групай будзе цяжка кіраваць”.
Умовы
сябрам партыі працаваць толькі на свайго кандыдата БНФ не ставіў. Але,
кажа Кастусёў, прапановы працаваць “на іншага” фронтаўцам паступаюць
пастаянна.
Рыгор Кастусёў: “Ужо і Статкевіч пачаў
вызвоньваць многія рэгіёны. Я ведаю, што па Віцебскай вобласці былі
званкі, па Магілёўскай. Ад Саннікава званкі ідуць, ад Някляева. Можа, ад
каго яшчэ. І я думаю, што, можа, хто і пагодзіцца, купіцца на
прапановы. Але такіх людзей, мяркую, будзе не шмат”.
Праўда,
усе пералічаныя палітыкі заявілі, што такім пераманьваннем не займаюцца.
Але лічаць, што калі адзін чалавек збірае подпісы адразу за некалькі
кандыдатаў, то ў гэтым няма нічога страшнага: свабода выбару.
Дарэчы, Андрэй Саннікаў
адмовіўся называць як колькасць сябраў сваёй ініцыятыўнай групы, так і
дакладную дату паходу ў ЦВК. Дадаў толькі, што праблем з фармаваннем
групы няма.
Не выдаў таямніцу колькасці сваёй групы і Мікалай Статкевіч. Але спісы, кажа, панясе 24 верасня. Таксама двухмоўныя.
У гэты ж дзень рэгістраваць сваю групу з 1 тысячы чалавек будзе і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Але, заўважае, каб ім далі яшчэ месяц-два часу, то ў групе было б 3
тысячы сябраў. І ўсе яны будуць збіраць подпісы выключна за
Рымашэўскага: хрысціяне за гэтым будуць сачыць пільна.
Віталь Рымашэўскі: “Мы
далі рэкамендацыю ўсім сябрам нашых ініцыятыўных груп не збіраць
подпісы ні за якіх іншых кандыдатаў. Мы, безумоўна, будзем адсочваць
такія выпадкі і неяк супрацьдзейнічаць гэтаму”.
Алесь Міхалевіч
плануе пайсці ў ЦВК 23 верасня, аднак, кажа, з-за таго, што не ўсе
рэгіёны яшчэ даслалі спісы сябраў ініцыятыўных груп, паход можа быць
перанесены на апошні дзень. У спісе будзе звыш тысячы чалавек. Заяўку
Алесь аформіў па-беларуску, а спісы будуць на абедзвюх мовах.
Але самая вялікая ініцыятыўная група — у лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча:
10 тысяч 443 чалавекі. І таму штодня ён плануе збіраць па 100 тысяч
подпісаў. А сама верагоднасць, што яго актывісты будуць працаваць на два
фронты, абурыла палітыка.
Сяргей Гайдукевіч: “У нас
такога проста не можа быць! Я пра гэта нават ніколі не думаў. Я не
ўяўляю такога, што я прыйду і скажу сваім людзям: “Хлопцы! Трэба
падтрымаць гэтага кандыдата”. У нас смяяцца ў партыі ўсе будуць! Ёсць
Гайдукевіч — усё! Няма Гайдукевіча — значыцца, трэба абраць вартага
пасля мяне, за каго ўся партыя будзе”.
Рэгістраваць сваю
групу Гайдукевіч, найхутчэй, будзе 24 верасня. І спісы падаюцца на
абедзвюх дзяржаўных мовах — у двух экзэмплярах. А родную мову, заявіў
палітык па-беларуску, усе сябры ЛДПБ паважаюць.
Фота: Змітра Лукашука