ЕС: прапануем дапамогу Беларусі, але просім прытрымлівацца рэкамэндацый СААЗ
Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль выказаўся наконт дапамогі Беларусі з боку ЕС. Раней у тэлефоннай гутарцы з міністрам замежных спраў нашай краіны Уладзімірам Макеем ён назваў суму — 60 мільёнаў еўра. Гэтыя сродкі пойдуць на сістэму аховы здароўя ў яе барацьбе з наступствамі каранавіруса. У інтэрв'ю Радыё Свабода вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі адзначыў, што "улады Беларусі ўжо цесна супрацоўнічаюць з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, але... трэба [рабіць] больш". Барэль заклікаў улады Беларусі прытрымлівацца рэкамендацый СААЗ "адносна прадухілення пандэміі".
"Мы прыносім і прапануем дапамогу, — працягвае Жазэп Барэль. — Але з іншага боку, мы просім прытрымлівацца рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя... Немагчыма, каб з аднаго боку прапанавалі дапамогу, [а з другога боку] не выконвалі рэкамендацый, якія мы рэалізуем у нашых краінах і просім усіх выконваць".
На адной з нядаўніх нарадаў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што нельга адмахвацца ад прапаноў СААЗ, іх варта вывучыць. Але ў той жа час ён лічыць перадчасным увядзенне каранціну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.