Еўрасаюз намераны правесці паглыблены перагляд адносін з Беларуссю
Выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, хаця народ Беларусі паказаў імкненне да дэмакратычных пераменаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля.
"Улады ўжылі непрапарцыйны і непрымальны гвалт, у выніку чаго прынамсі адзін чалавек загінуў і многія атрымалі раненні", — падкрэсліў прадстаўнік ЕС.
Ад імя ЕС ён заклікаў афіцыйны Мінск неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых.
Самі выбары, паводле звестак незалежных назіральнікаў, не адпавядалі стандартам АБСЕ, дадаў Барэль. На гэтым фоне ЕС плануе правесці паглыблены перагляд адносін з Беларуссю. Наступствамі могуць быь, напрыклад, санкцыі супраць асобаў, адказных за гвалт.
"Мы заклікаем палітычнае кіраўніцтва Беларусі пачаць сапраўдны і ўсеабдымны дыялог з шырокім пластамі грамадства, каб пазбегнуць далейшага гвалту. ЕС будзе і далей выступаць за дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь", — падкрэсліў Барэль.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.