Еўразійскі банк развіцця: Кожны пяты работнік у Беларусі — лішні

Еўразійскі банк развіцця: Кожны пяты работнік у Беларусі — лішні

Кожны пяты работнік у Беларусі — лішні. Гэта вынікае з апублікаванага заключэння Еўразійскага банка развіцця ў сувязі з праграмай прадастаўлення крэдыту Беларусі. Адзначаецца, што адным з ключавых дысбалансаў беларускай эканомікі з'яўляецца залішняя занятасць на прадпрыемствах (прыблізна 20%).

Як вядома, у канцы першага квартала 2016 года наша краіна заключыла пагадненне з Еўразійскім банкам развіцця аб атрыманні крэдыту на 2 млрд долараў ЗША са сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Першы транш ($500 млн) Беларусь атрымала ў канцы сакавіка.

"Наяўнасць значнай залішняй занятасці ў эканоміцы Беларусі... з'яўляецца адным з ключавых фактараў фармавання няўстойлівых макраэканамічных дысбалансаў, уключаючы дысбаланс паміж узроўнем рэальных наяўных даходаў і прадукцыйнасцю працы", — цытуе заключэнне ЕАБР БелаПАН.

Адзначаецца, што ўскоснымі выдаткамі гэтага дысбалансу з'яўляюцца "рост цэн, націск на абменны курс, плацежны баланс і міжнародныя рэзервы, а таксама дысбаланс паміж спажываннем і інвестыцыямі". Эксперты канстатуюць, што "захаванне залішняй колькасці работнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах, якое абмяжоўвае перацёк працоўных рэсурсаў у найбольш рэнтабельныя сектары і прыватны сектар, тлумачылася абмежаваннямі па магчымасці скарачэння персаналу, якія ўключаліся аж да 2015 года ў дамовы з кіраўнікамі прадпрыемстваў".

Згодна з умовамі атрымання еўразійскага крэдыту, улады Беларусі сёлета і ў наступным годзе павінны будуць скарачаць дзяржаўную падтрымку прадпрыемстваў, якая даецца ў форме дырэктыўных крэдытаў. ЕАБР адзначае, што пераход дзяржпрадпрыемстваў нашай краіны "на камерцыйныя рэйкі прывядзе да аптымізацыі іх выдаткаў і рэсурсаў, уключаючы працоўныя, што павысіць узровень беспрацоўя ў краіне".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі