Феміда для новага будынка Вярхоўнага суда Беларусі каштуе $800 тысяч
Хол новага будынку Вярхоўнага суда ў Мінску прадказальна ўпрыгожвае статуя Феміды. Еўрарадыё высветліла, што мармуровая фігура багіні правасуддзя разам з навакольным аздабленнем каштавала беларускаму бюджэту 800 тысяч долараў.
Асобнага тэндара на статую не праводзілася — па дакументах яна праходзіць як камплект мастацкіх вырабаў. Першапачаткова на кампазіцыю было вылучана мільён 660 тысяч рублёў, але ў выніку сімвал правасуддзя абышоўся на 50 тысяч даражэй.
Чаму ў працэсе таргоў закупка падаражала на 70 тысяч рублёў? У прыёмнай Упраўлення капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, які курыруе ўзвядзенне новага будынка Вярхоўнага суда, кажуць, што ў дакументах была ўказаная арыенціровачная сума:
"Сума была сфарміраваная на падставе аналізу рынку. Аднак падчас тэндэрнага конкурсу былі пададзеныя дзве заяўкі, адна на адзін мільён 710 тысяч, другая на адзін мільён 781 тысячу рублёў. Мы абралі тую, што менш".
Асноўная падрадная арганізацыя пры будаўніцтве Вярхоўнага суда — Будтрэст №4. Барэльефам з Фемідай яны не займаліся, толькі рабілі падсветку для яго. Па тэндарных дакументах, яно каштавала бюджэту 51 тысячу рублёў.
Архітэктар новага будынка Вярхоўнага суда Уладзімір Архангельскі нядаўна распавёў, што праект выглядае даволі лаканічным. Гэта вельмі своеасаблівае разуменне лаканічнасці: для будоўлі набылі мармуровых пліт на 1 млн 146 тысяч рублёў; вырабаў з натуральнага каменю на 1 млн 181 тысячу рублёў; керамінаўскай пліткі на 104 тысячы рублёў. Герб і надпіс “Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь” каштавалі 224 тысячы рублёў. А крыштальная люстра для хола, дзе стаіць Феміда, — 187 тысяч.