Фотафакт: на складзе ў Мінску дагэтуль ляжаць гадзіннікі кампаніі Юшчанкі
На складзе прадпрыемства “Луч” у Мінску дагэтуль ляжыць тысяча гадзіннікаў з часоў кампаніі Віктара Юшчанкі падчас прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне ў 2004 годзе. А між тым ад часу “памаранчавай” рэвалюцыі ў Кіеве прайшло ўжо амаль 13 гадоў. Як піша ў Facebook кіраўнік праектаў “Арт Сядзіба” і symbal.by Павел Белавус, у той час украінцы не разлічыліся за гэтую прадукцыю і яна засталася ў Беларусі. Магчыма, быў нейкі ўплывовы паручальнік, калі прадпрыемства іх выпусціла без аплаты. Цяпер жа яны могуць быць цікавыя для ўкраінскіх калекцыянераў і музеяў.
“Памаранчавая” рэвалюцыя адбылася ў лістападзе 2004-га — у студзені 2005 года. Прычынай сталі абвешчаныя ЦВК Украіны вынікі прэзідэнцкіх выбараў, паводле якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч, які на 3% апярэдзіў Віктара Юшчанку. Каманда Юшчанкі і міжнародныя назіральнікі заявілі пра масавыя фальсіфікацыі, у краіне пачаліся акцыі пратэсту і страйкі. Цэнтрам пратэстаў стаў Майдан Незалежнасці ў Кіеве, дзе два месяцы пастаянна працягваўся масавы мітынг і стаяў намётавы гарадок. Папулярнай фразай таго часу была “Юшчанка — так!”, якая прагучала ў песні “Разом нас багато!” (яна стала гімнам рэвалюцыі). У выніку Вярхоўны суд Украіны прызначыў перагаласаванне другога тура выбараў, на якіх Віктар Юшчанка апярэдзіў свайго апанента на 8%. Юшчанка быў прэзідэнтам Украіны да 2010 года.