Галоўным трэнерам зборнай Беларусі па футболе прызначаны немец Штанге

Галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе прызначаны 59-гадовы немец Берндт Штанге. Такое рашэнне прыняў выканкам Беларускай федэрацыі футбола. Штанге завяршыў кар’еру прафесійнага футбаліста ў 22 гады з-за цяжкай траўмы.

За сваю доўгую трэнерскую кар’еру ён на працягу сямі гадоў кіраваў нацыянальнай зборнай цяпер ужо неіснуючай дзяржавы — ГДР. Пасля аб’яднання Нямеччыны Штанге звольнілі з пасады галоўнага трэнера берлінскай “Герты” з-за таго, што стала вядома пра яго кантакты з нямецкай тайнай паліцыяй “Штазі”.

Нямецкі спецыяліст паспеў папрацаваць галоўным трэнерам у некалькіх украінскіх і аўстрыйскіх клубах, ачольваў зборныя Амана і Іраку. Апошнія гады ён жыў у Аўстраліі. Берндт Штанге ведае рускую мову.

Нагадаем, месца галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе стала вакантным у сярэдзіне ліпеня пасля дабраахвотнай адстаўкі Юрыя Пунтуса. Беларуская федэрацыя футбола выбірала яго пераемніка з ліку некалькіх замежных спецыялістаў, з якімі вяліся перамовы.

Інтэрфакс

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі