Зборы з аграсядзібаў будуць залежаць ад мясцовых уладаў

Падатак для ўладальнікаў аграсядзібаў будзе дыферэнцыяваны — адпаведныя змены плануюць унесці ва ўказ №372, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства падаткаў і збораў.

На сёння гаспадары аграсядзібаў плацяць адну базавую велічыню ў год (цяпер гэта 180 тысяч рублёў). Але спецыялісты МПЗ мяркуюць, што памер падаткаў павінен залежаць ад прыбыткаў, атрыманых ад паслугаў у сферы аграэкатурызму. У прыватнасці, міністэрства прапануе ўсталяваць стаўку збору ў памеры адной базавай велічыні на месяц. Пры гэтым плаціць яго трэба будзе толькі ў тыя месяцы, калі фактычна ажыццяўляецца такая дзейнасць.

Апроч таго, разглядаецца магчымасць, каб абласныя Саветы дэпутатаў маглі павялічваць стаўку збору, якая будзе залежаць ад многіх фактараў: якія дадатковыя паслугі аказваюць у аграсядзібе, колькі ў ёй жылых памяшканняў і ў якой мясцовасці яна знаходзіцца. Пры гэтым мясцовыя ўлады змогуць павялічваць збор не болей, чым у 10 разоў.

Cуб’екты дзейнасці ў сферы аграэкатурызму маюць шэраг прэферэнцыяў. Такая дзейнасць не з’яўляецца прадпрымальніцкай і не патрабуе атрымання спецыяльных ліцэнзіяў. Займацца аграэкатурызмам можна на падставе заяўнага прынцыпу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі