“Гавары праўду” хоча выставіць на мясцовыя выбары сама меней 500 кандыдатаў
Кампанія "Гавары праўду" мае намер падрыхтаваць сама меней 500 кандыдатаў у дэпутаты на чарговых мясцовых выбарах, якія адбудуцца не пазней за 20 лютага 2018 года. Пра гэта паведаміў сустаршыня арганізацыі Андрэй Дзмітрыеў, выступаючы 12 лістапада на форуме "Гавары праўду" ў Мінску.
Палітык адзначыў, што наступны год будзе годам працягу падзення даходаў насельніцтва, скарачэння дзяржсектара, а значыць, росту беспрацоўя. Акрамя таго, працягнецца пераасэнсаванне каштоўнасці сваёй незалежнай дзяржавы. На думку Дзмітрыева, у такіх умовах узрастае роля кожнага асобнага чалавека, прыватных ініцыятыў, бо дзяржава перакладае сваю адказнасць на грамадзяніна. “Гэта стварае для нас новыя магчымасці: дзе няма дзяржавы, з'яўляемся мы", — сказаў палітык.
На думку Дзмітрыева, неабходна ісці і на размову з уладай, выбудоўваць на мясцовым узроўні адносіны, хай яны будуць і не заўсёды прыемнымі. Таксама ён сказаў, што галоўная задача на выбарах для “Гавары праўду” — паказаць, што ў краіне за мірныя перамены не меншасць, а ўжо большасць насельніцтва, перадае БелаПАН.