Генпракуратура хоча ўзмацніць адказнасць за экстрэмізм

Генеральны пракурор Андрэй Швед / ctv.by
Генеральны пракурор Андрэй Швед / ctv.by

Генеральная пракуратура хоча ўнесці змены ў заканадаўства аб экстрэмізме. Скарэкціраваны можа быць і Крымінальны кодэкс — адказнасць за экстрэмісцкую дзейнасць мяркуецца ўзмацніць, заявіў напярэдадні ў эфіры СТВ генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Пры чым, паводле яго слоў, "крымінальнай адказнасці будуць падлягаць не толькі арганізатары экстрэмісцкіх фарміраванняў і іх кіраўнікі, але і любыя ўдзельнікі, а таксама асобы, якія аказваюць садзейнічанне экстрэмісцкім фарміраванням, іх фінансуюць і ў любой іншай форме спрыяюць экстрэмісцкай дзейнасці".

На ўдакладняючае пытанне журналіста, што маецца на ўвазе пад "садзейнічаюць", генпракурор адказаў, што ў тым ліку распаўсюджваюць экстрэмісцкія погляды і сімволіку.

Пад паняцце "экстрэмісцкая сімволіка" у перспектыве можа трапіць і бел-чырвона-белы сцяг. У канцы мінулага тыдня афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Анжаліка Курчак заявіла, што ў ведамстве ідзе праца па падрыхтоўцы "дакументаў аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі".

У інтэрв'ю СТВ Швед таксама анансаваў новыя падыходы да амністыі. Цяпер, паводле яго слоў, ідзе абмеркаванне гэтага пытання. "Мяркую, што ў далейшым да прыняцця амністыі наша дзяржава будзе падыходзіць больш узважана", сказаў ён.

Пытанне аб палітычнай амністыі 28 студзеня ўзнікла падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі. Ён даў зразумець, што такой амністыі не будзе, таму што ў Беларусі не судзяць па палітычных артыкулах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі