Лукашэнка пра палітычную амністыю: аддай, што ў цябе ёсць, а калі не — суд будзе

Лукашэнка пра палітычную амністыю: аддай, што ў цябе ёсць, а калі не — суд будзе

На нарадзе 28 студзеня Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра палітычную амністыю. Па яго словах, у Беларусі не судзяць па палітычных артыкулах.

"Сёння некаторыя стогнуць і галосяць: вось, амністыя... Палітычная амністыя і іншае. Заўтра будзе палітычная амністыя, калі мне хто-небудзь пакажа хоць адзін палітычны артыкул у нашым Крымінальным кодэксе і што яны асуджаныя ці ж затрыманыя, арыштаваныя па палітычных матывах. Я іх неадкладна памілую", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Сапраўды, у Крымінальным кодэксе няма артыкулаў з указаннем палітычных матываў. Для пакарання палітычных актывістаў і ўдзельнікаў палітычных пратэстаў выкарыстоўваюцца іншыя артыкулы. Што абсалютна не адмяняе палітычныя матывы пераследу.

Пасля гэтага Лукашэнка згадаў сваю сустрэчу ў СІЗА з палітвязнямі.

"Нават ім, будучы ў СІЗА, я ім усім сказаў, калі яны мне задавалі галоўнае пытанне: "Калі нас адпусцяць?" Я ім усім выклаў сваё бачанне: усё, што скрадзена ў народа, вярні. Тады мы будзем з вамі весці размову, і я паспрабую адказаць на ваша пытанне "калі". Чакаю-с. Да гэтага часу чакаю-с... Але я чалавек дасведчаны. Я ведаю, што абмяркоўваліся гэтыя пытанні са сваякамі. Такая магчымасць у гэтых пратэстуноў (верхаводаў) была — грошай шкада", — заявіў ён.

Лукашэнка не патлумачыў, што павінен вярнуць, напрыклад, удзельнік той сустрэчы адвакат Максім Знак, які выказваўся супраць прававога дэфолту ў Беларусі. Або палітзняволеная флейтыстка Марыя Калеснікава, якая сядзіць у Жодзінскім СІЗА.

"Таму не трэба будаваць ілюзіі: палітычныя зняволеныя, амністыя і гэтак далей. Калі чалавек не хоча сядзець у турме за злачынства эканамічнае, фінансавае — крымінальнае злачынства, — аддай апошняе, калі ў цябе ёсць. Мы паказалі, усё, што ёсць. Не — суд вырашыць. Як вырашыць суд, так і будзе. Вось і ўся палітычная ці іншая амністыя", — падсумаваў Лукашэнка свой погляд на палітычную амністыю.

На сёння ў Беларусі налічваецца 220 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Акрамя таго, сотні людзей праходзяць праз адміністрацыйныя суды за ўдзел у мірных акцыях і за вывешаную нацыянальную бел-чырвона-белую сімволіку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі