Беларусы сёлета набралі рэкордную колькасць крэдытаў
Крэдыты
Беларусы набралі рэкордную колькасць крэдытаў, аналізуе свежыя звесткі Нацбанка праект Banki24.
"Па выніках 10 месяцаў 2024 абавязанні насельніцтва перад фінсектарам дараслі да 25,6 млрд BYN у эквіваленце", — піша выданне.
Гэта гістарычны максімум. У параўнанні з пачаткам года запазычанасць фізічных асоб перад банкамі вырасла прыкладна на 4,58 млрд рублёў, то-бок на 21,8%. І за адзін толькі кастрычнік доўг перад фінсектарам павялічыўся больш чым на паўмільярда рублёў.
Запазычанасць беларусаў перад банкамі пастаянна расце з 2022 года.
Чаму беларусы бяруць так шмат крэдытаў?
Курс беларускага рубля выглядае стабільным, і цяпер надышоў найбольш выгадны момант, каб узяць крэдыт, кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка на стрыме Еўрарадыё.
"Цяпер адбываецца неймаверны рост рэальных заробкаў, крэдытныя стаўкі на максімальна нізкім узроўні. Чаму б людзям, у якіх ёсць доступ да атрымання крэдыту, не аформіць яго? У далейшым, калі Нацбанк будзе настойваць на правільных эканамічных рашэннях, у любым выпадку, [банкаўскія] стаўкі па крэдытах будуць павышацца. І цяпер найлепшы час, каб браць крэдыт і нешта набываць, у тым ліку нерухомасць або іншыя неабходныя тавары", — тлумачыць Рыжычэнка.
Беларусы чакаюць, што фінансавая сітуацыя ў краіне застанецца стабільнай. І ўладам нявыгадна падрываць іх давер. Экспертка ўпэўненая, што пакуль сітуацыя будзе стабільнай, а рост заробкаў працягнецца на шкоду бюджэту.
Але варта щсведамляць, што сітуацыя з заробкамі і крэдытамі ў перспектыве можа змяніцца, прычым радыкальным чынам.
"Чалавек мусіць зыходзіць са сваёй жыццёвай сітуацыі. Ад таго, дзе ён працуе, на якой пасадзе, ці ёсць у яго падушка бяспекі ў выпадку ўзяцця крэдыту. Тут трэба глядзець на галіну", — перасцерагае Рыжычэнка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.