Новай кіраўніцай "Белсата" стала Аліна Коўшык

Аліна Коўшык / Алина Ковшик / Еўрарадыё

Аліна Коўшык

Аліна Коўшык стала галоўнай рэдактаркай тэлеканала "Белсат". Яна заменіць Аляксея Дзікавіцкага, які кіраваў тэлеканалам апошнія месяцы — пасля звальнення першай дырэктаркі Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Дзікавіцкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў, што гэты дзень меўся быць для яго толькі датай 27-й гадавіны знаёмства з жонкай. "Гадзіну таму ён стаўся яшчэ і днём значных пераменаў на працы, каторай прысвяціў большую частку свайго дарослага жыцця", — дадаў ён.

Аліна Коўшык ужо раней працавала на "Белсаце" цягам 15 гадоў, мела там аўтарскія праграмы. У верасні 2022 года яна далучылася да працы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК), дзе ўзначаліла прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні.

Цяпер Коўшык пакідае АПК.

Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская пракаментавала пераход Аліны Коўшык на новую пасаду так:

"Я шчыра віншую Аліну Коўшык з новым прызначэннем. Упэўнена, што яе праца на новай пасадзе ўзмоцніць "Белсат" і прынясе карысць нашай агульнай справе. "Белсат" мае вялізнае значэнне для Беларусі і дэмакратычнага руху, дае беларусам не толькі аб’ектыўную інфармацыю і пляцоўку для дыскусій, але і ўмацоўвае нашу нацыянальную ідэнтычнасць. З грамадскім і палітычным досведам, атрыманым у апошнія гады, Аліна вяртаецца да каманды, якую трэба захаваць і ўзмацніць у няпросты перыяд трансфармацыі тэлеканала".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі