Генпракурор Беларусі пра Баранчыка: Палітычны прытулак — гэта хітрыкі
Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк пракаментаваў затрыманне ў Маскве шэфа-рэдактара Аналітычнай рэдакцыі расійскага інфармацыйнага агенцтва REGNUM беларускага грамадзяніна Юрыя Баранчыка. Яго затрымалі 15 сакавіка па запыце Следчага камітэта Беларусі. Баранчыка аб'явілі ў вышук пасля таго, як выявілася яго датычнасць да супрацьпраўнай дзейнасці Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі, аўтараў згаданага інфармацыйнага агенцтва, затрыманых у Беларусі ў снежні 2016-га. Ім выставілі абвінавачанні па ч. 3 арт. 130 КК ("Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб"). Юрыю Баранчыку пагражае эстрадыцыя ў Беларусь і ён папрасіў палітычнага прытулку ў Расіі, падаў хадайніцтва на імя расійскага прэзідэнта.
Паводле слоў Канюка, чакаецца, што з Генпракуратуры Расіі паступяць дакументы. "Выдадзім усё неабходнае для гэтых мэтаў, — цытуе словы генпракурора БЕЛТА. — Але апрыёры, калі чалавек здзейсніў злачынства, ён павінен быць у нас. Тое, што ён там заяўляе пра палітычны прытулак — гэта хітрыкі і не больш, чым піяр".
Як стала вядома, Дарагамілаўскі раённы суд Масквы 16 сакавіка адмовіў у задавальненні хадайніцтва міжраённага пракурора аб заключэнні Юрыя Баранчыка пад варту. Аргументы абвінавачання (Следчага камітэта Беларусі) былі прызнаныя неабгрунтаванымі. Не выключана, што Баранчык можа выйсці на волю.