Гомельскага камуніста і БРСМаўца затрымалі за падпіску на "экстрэмізм"
Аляксандр Лебедзеў і палкоўнік Андрэй Крываносаў
1 верасня валанцёры пошукава-выратавальнага атрада "Сімуран" абвясцілі аб пошуку 22-гадовага Аляксандра Лебедзева. Гэта настаўнік гомельскай школы №49, член БРСМ і камуністычнай партыі. Удзельнічае практычна ва ўсіх праўладных мерапрыемствах.
У міліцыі пацвердзілі "Сімуран" прапажу Аляксандра, але праз некалькі гадзін ратавальнікі напісалі, што чалавек знойдзены і жывы.
Пра прычыну знікнення Лебедзева "Флагштоку" распавёў яго знаёмы:
— Адбылася класічная жахлівая памылка — Аляксандр быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў савецкае РАУС. Гэта было 31 жніўня ў другой палове дня. Прычынай затрымання стала падпіска на адзін з "экстрэмісцкіх" рэсурсаў. У міліцэйскім палоне Лебедзеў правёў ноч. На наступны дзень з палону яго выручылі бацькі.
Крыніца дадала, што ў "патрыятычнай" тусоўцы Лебедзева цяпер называюць "Сашка-бчбшнік".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.