Гомельская суддзя адмовілася весці працэс па-беларуску
У судзе Цэнтральнага раёну Гомеля разглядаюць пазоў актывіста “Маладога фронту” Андрэя Цянюты да рэктара Гомельскага дзяржуніверсітэту.
Суддзя Вольга Казлова перанесла паседжанне на 16 верасня праз тое, што Цянюта патрабаваў весці працэс па-беларуску або даць перакладчыка. Актывіст абскарджвае ў судзе сваё адлічэнне з ВНУ, якое лічыць незаконным.
У судзе маладафронтавец адразу заявіў хадайніцтва, каб справа вялася па-беларуску. Суддзя сказала, што ў краіне дзве дзяржаўныя мовы і справаводства ў судах вядзецца на рускай. Тады Цянюта запатрабаваў перакладчыка, бо яго родная мова — беларуская, паведамляе БелаПАН.
Актывіст “Маладога фронту” вучыўся завочна на трэцім курсе па спецыяльнасці “Правазнаўства” на платнай аснове. Ён не меў няздадзеных залікаў і экзаменаў. Ён лічыць, што яго адлічылі з Гомельскага дзяржуніверсітэту па палітычных матывах.