Гомельскі "свінацыд": у некаторых раёнах засталося толькі 5% пагалоўя

Свіння, ілюстрацыйнае фота

Свіння, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У Гомельскай вобласці сёлета рэзка скарацілася пагалоўе свіней. Гэта заўважыў сайт "Флагшток", прааналізаваўшы статыстычны даведнік за студзень-кастрычнік 2024 года, апублікаваны Гомельстатам.

Агулам па вобласці пагалоўе свіней знізілася на чвэрць (25,9%), або на 61,6 тысячу галоў. Найбольш моцнае скарачэнне зафіксаванане ў Светлагорскім (94,5%) і Мазырскім (83,8%) раёнах. Публікацый у дзяржСМІ на гэты конт не было — ні паведамленняў пра масавы мор, ні пра забой жывёлаў.

Адзін з жыхароў аграгарадка ў Светлагорскім раёне ананімна расказаў журналістам, што афіцыйна ўсё спісалі на афрыканскую чуму свіней, але насамрэч яе не было: "У прыватнікаў АЧС не знаходзілі, і ні ў адной гаспадарцы чуму не пацвердзілі".

На яго думку, прычынай забою тысяч жывёл сталі праблемы з фінансавай справаздачнасцю і боязь адказнасці: "Такім чынам спісваюць страты і вырашаюць праблему з адсутнасцю кармоў. Прыпісвалі велізарныя прыбаўленні, атрымлівалі прэміі і зарплаты, а ў рэальнасці працавалі ў велізарны мінус. Таму і вырашылі абвясціць рэжым АЧС — гэта самы просты спосаб не атрымаць пі***лей. Калі ідзе ліквідацыя заражаных жывёл, то іх не ўзважваюць, такім чынам, і недастачу ніхто не заўважыць".

Вясковец упэўнены, што ўсё адбывалася з ведама кантралюючых органаў: "Без змовы з ветнаглядам такое складана пракруціць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі