Гродзенскіх актывістак адпусцілі з міліцыі
Кацю Герасімчык і Вольгу Багданкевіч папярэдзілі, што на наступным тыдні выклічуць у міліцыю.
Студэнтак гродзенскага медуніверсітэту Кацю Герасімчык і Вольгу Багданкевіч затрымалі каля другой гадзіны ўначы побач з помнікам Леніну, на якім быў надпіс "Луку на муку". Дзяўчаты не прызналі сваё дачыненне да надпісу. І толькі сёння ў абед іх выпусцілі з пастарунку, папярэдзіўшы, што на наступным тыдні выклічуць у міліцыю, паведамляе Радыё Свабода.
Ад другой гадзіны да абеду ім давялося знаходзіцца ў міліцыі. Яны адмовіліся пісаць тлумачальныя лісты, паколкі не лічаць сябе вінаватымі.
Раніцай ў пакоях інтэрнату, дзе жывуць дзяўчаты, са слоў Каці Герасімчык, міліцыянты зрабілі ператрус, канфіскавалі кампутар, кнігі, рэклямныя матэрыялы "Маладога фронту" і кампаніі "Гавары праўду". І пры гэтым, з іх слоў, ім не выдалі пратакол аб канфіскацыі іх уласных рэчаў. З гэтай прычыны дзяўчаты збіраюцца скардзіцца ў пракуратуру.
Падчас затрымання яны мелі пры сабе налепкі "Малады фронт" і раздрукоўкі з надпісам "Свабоду Кіркевічу!", "Свабоду Някляеву!", "Свабоду Фядуту!".