Ідэолагі Бярозы забаранілі сустрэчу з пісьменніцай Наталкай Бабінай
Пісьменніца меркавала сустрэцца з чытачамі ў Белаазёрску.
Ідэалагічны аддзел Бярозаўскага райвыканкама Брэстчыны забараніў сустрэчу чытачоў з пісьменніцай Наталкай Бабінай, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна". Сустрэча мусіла прайсці 19 красавіка ў бібліятэцы імя Ніны Мацяш у Белаазёрску. Бабіна сама ўраджэнка Брэстчыны, і дзеянне яе вядомага рамана "Рыбін горад" адбываецца акурат на Брэстчыне.
Па словах пісьменніцы, яна збіралася прыехаць з супрацоўнікам часопіса АRCHE Валерыем Булгакавым. Бабіна была непрыемна ўражаная рашэннем бярозаўскіх ідэолагаў. Пісьменніца кажа, што для яе важныя сустрэчы з чытачамі, публікай, таму яна плануе дамаўляцца на сустрэчы ў прыватным парадку.