Івашчанка: Бахарэвіч заклікае да таго, супраць чаго сам змагаецца
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч заявіў пра выхад з Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сітуацыю каментуе сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Анатоль Івашчанка.
Альгерд Бахарэвіч змясціў у сваім блогу адкрыты ліст да кіраўніка арганізацыі Барыса Пятровіча, у якім папракае яго і раду ў тым, што яны ніяк не абаранілі яго пісьменніцкую годнасць, калі іншыя літаратары і крытыкі абрынуліся на яго з хлуснёй. Таксама Альгерд Бахарэвіч кажа пра фактычную цэнзуру, якую спрабуюць супраць яго ўвесці. Саюз падзяляе сваіх сябраў на “правільных” і “хунвэйбіна”, на “верных запаветам” і “ачарніцеляў”, на “сваіх” і “чужых” — і гэта ў сітуацыі, калі само існаванне беларускай мовы і культуры стаіць пад пагрозай”, — піша вядомы літаратар.
Еўрарадыё: Чаму рада і кіраўніцтва саюза пісьменнікаў не абараніла Альгерда Бахарэвіча
ад крытыкі, якая разгарнулася на радыё Свабода?
Анатоль Івашчанка: Наколькі я зразумеў з блогу Альгерда, аўтар пакрыўдзіўся канкрэтна на Рыгора Сітніцу, на яго нападкі з нагоды перадач на Радыё Свабода. Але Саюз пісьменнікаў - гэта абстрактнае паняцце, гэта ўсе мы нібыта. Хачу заўважыць, што па-першае, Рыгор Сітніца не з’яўляецца сябрам саюза пісьменнікаў. І нават з гледзішча этыкі - Альгерд Бахарэвіч заклікае да таго, супраць чаго сам змагаецца, заклікае забараніць яго крытыкаваць. Па-другое, адзін з сяброў саюза пісьменнікаў, Леанід Галубовіч, на з’ездзе ўстаў і пачаў абараняць Альгерда Бахарэвіча, я думаю што Альгерд бачыў гэта он-лайн на Свабодзе. Мне не зусім зразумелы гэты ход Альгерда. Мне страшэнна не падабаецца, што хтосьці штосьці забараняе ці цэнзуруе.
Еўрарадыё: А ці былі такія выпадкі ў саюзе пісьменнікаў, каб кагосьці ад кагосьці баранілі?
Анатоль Івашчанка: У нейкіх пытаннях творчасці, я думаю, такога ніколі не было і не будзе. Падтрымліваць тых, каго крыўдзяць, можна, але не ў сферы творчасці. Зараз Саюз пісьменнікаў абараняе Алеся Бяляцкага, якога ў прынцыпе павінны абараняць адвакаты, але саюз выказвае сваю занепакоенасць, бо чалавек у рэальнай небяспецы.
Еўрарадыё: Можа, сапраўды ў Саюзе пісьменнікаў існуе падзел пакаленняў і маладыя літаратары адчуваюць сябе ў саюзе чужымі?
Анатоль Івашчанка: Па-першае, гэты падзел існуе ў галовах кожнага канкрэтнага сябра. У кагосьці ў галаве ён існуе, у кагосьці – не. Для мяне такога падзелу не існуе. Калі гаварыць пра маладых, якіх сапраўды прынялі чалавек пяцьдзесят за адзін раз, калі саюзу пагражала небяспека, чамусьці амаль ніхто з іх на з’езд не прыйшоў. Калі б яны прыйшлі, можа, і ў раду Саюза пісьменнікаў маладых бы абралі. Мне асабіста не спадабалася, што маладых, каго вылучыў Уладзімір Някляеў, - а сярод іх і Ўсевалад Сцебурака і Валярына Кустава, і нават Андрэй Хадановіч – старэйшыя пісьменнікі, якіх была большасць на з’ездзе, у раду не выбралі. Але гэта праблема маладых, паколькі на з’езд яны не прыйшлі і не прагаласавалі. І ў выніку саюзам працягваюць кіраваць пісьменнікі старэйшага пакалення.
Еўрарадыё: Якой будзе рэакцыя саюза пісьменнікаў на заяву Бахарэвіча?
Анатоль Івашчанка: Рэакцыя саюза па статуце можа быць адна – разгледзець заяву на радзе. Я не думаю, што рада захоча прымусова пакінуць Альгерда Бахарэвіча ў шэрагах сваіх сяброў. Саюзу зараз хапае іншых клопатаў, каб выбачацца ці нейкія іншыя рухі рабіць. Асабіста Барыс Пятровіч можа выказацца па гэтай сітуацыі, але ж ён не будзе казаць ад імя ўсяго саюза. Ён будзе казаць ад свайго імя – гэтак як і я зараз кажу. Хіба што калі зрабіць рэферэндум, тады можна будзе сказаць, напрыклад, што большасць сяброў падтрымліваюць Альгерда ці наадварот. Але ці варта гэтым займацца? Чалавек зрабіў свой выбар. Я асабіста крыху ў недаўменні. Прычым тут саюз і чаму саюз павінен абараняць Бахарэвіча ад Сітніцы і як? Строгую вымову яму зрабіць ці што? Логікі ў гэтай заяве я не бачу, пры ўсёй маёй павазе да абодвух.