Каб выратаваць свіней ад "чумнога знішчэння", фермер перадаў іх сам сабе
А пасля візіту камісіі хоча прадаць іх сабе самому. Гэтак бярозаўскі фермер хоча змякчыць страты ад прафілактыкі афрыканскай чумы свіней.
Вячаслаў Пунько тлумачыць:
Пунько: "Да мяне прыязджалі ветурачы. Напісалі акт, што я фермер, трымаю свіней. Я калі фарміраваў свой статутны фонд, мог бязвыплатна перадаваць фермерскай гаспадарцы матэрыяльныя каштоўнасці як прыватная асоба. Гэта значыць, прыватнік Пунько перадаваў фермерскай гаспадарцы Пунько. А цяпер фермерская гаспадарка Пунько перадае маёмасць прыватніку Пунько. Гэта значыць, сам сабе. Я так і зрабіў. Напісаў ім адказ. А яны прыйшлі і сказалі: “Не, няправільна”. Дык я магу сам сабе прадаць тых свіней. Адпішу па накладной. Дзе тут парушэнне закона? А выклічуць на адміністратыўную камісію, дык буду адказваць".
Са словаў Вячаслава Пунько, ён аддаўна гадуе свіней. Але ў сувязі з прафілактыкай афрыканскай свіной чумы ў Бярозаўскім раёне пакінулі толькі дзве дзяржаўныя свінафермы, з’явілася і шмат іншых абмежаванняў. Згодна з беларускімі нормамі, у радыўсе 5 км ад дзяржаўнай свінафермы зараз нельга трымаць свіней. Таксама больш строгім стаў санітарны кантроль: фермеру цяжка што-небудзь не парушыць, кажа свінавод.
А вось патрабаванні да ўладальнікаў прысядзібных гаспадарак менш строгія. І каб працягваць гадаваць свіней, яму прасцей памяняць свой статус.
Фота — fotopets.ru