Чыноўнікі: У Гарадоцкім раёне не чума свіней, а прафілактыка

Чыноўнікі: У Гарадоцкім раёне не чума свіней, а прафілактыка

У Гарадоцкім раёне (Віцебская вобласць) няма афрыканскай чумы свіней. Прынамсі, так кажуць чыноўнікі — нягледзячы на тое, што днямі на ўваходах у школы, крамы і паштовыя аддзяленні раёна пачалі ўкладваць дэзынфекцыйныя дыванкі, з тамтэйшымі жыхарамі праводзяцца гутаркі пра пагрозу эпідэміі АЧС.

Па словах старшыні Гарадоцкага райвыканкама Пятра Карабача, з якім паразмаўляла Еўрарадыё, ачаг заражэння афрыканскай чумой свіней знаходзіцца ў Смаленскай вобласці Расіі. Таму ў раёне вядзецца прафілактыка АЧС, і не трэба нагнятаць сітуацыю.

“Гэта ж прырода, жывёльны свет і ўсё астатняе, — кажа чыноўнік. — Свінакомплексы пабудаваныя на мяжы з Расіяй, таму ўсякае можа быць. Мы праводзім прафілактычныя працы, бо ў нас вялікі свінакомплекс. Калі гэта са Смаленскага боку ідзе, дык нам менш за ўсё трэба хвалявацца, бо мы не мяжуем. Глядзім свой бок, бо і там, і там у Расіі ачагі з’яўляліся. Але ў нас пакуль ўсё спакойна”.

Гарадоцкі раён сапраўды не мяжуе са Смаленскай вобласцю Расіі — ён знаходзіцца на мяжы з Пскоўскай вобласцю. Еўрарадыё звязалася з кіраўніцтвам Мсціслаўскага, Крычаўскага і Дубровенскага раёнаў Беларусі, якія мяжуюць са Смаленшчынай. Там пра афрыканскую чуму свіней на ўсходзе ад беларуска-расійскай мяжы чулі, але ніякіх прафілактычных мерапрыемстваў не праводзяць.

“Нам паведамілі, што быццам бы ў Смаленскай вобласці ачаг заражэння свіной чумы, — кажа старшыня Даўгапольскага сельсавета Гарадоцкага раёна Віктар Няхаеў. — Трэба прыняць меры бяспекі: расказаць людзям пра сітуацыю, каб яны не хадзілі ў адным адзенні спачатку ў хлеў, а потым у краму. У раёне пачалі ўкладваць дыванкі са спецрастворам. Усё пакуль спакойна. Калі б пачалося заражэнне, было б вядома”.

Афрыканская чума свіней пагражае вынішчэннем усяго пагалоўя жывёл у заражанай мясцовасці. Некаторыя рэгіёны Беларусі ўжо праходзілі праз такія захады. У Гарадокскім раёне працуе буйны свінакомплекс “Паўночны”. Мясцовыя жыхары кажуць, што калі яго зачыняць, без працы застануцца 200 чалавек.

“У нас цяпер строгі кантроль, — кажа Еўрарадыё галоўны ветэрынарны ўрач комплексу Ірына Габранова. — Выконваецца строгі прапускны рэжым на прамзону. Арганізаванае харчаванне работнікаў у сталоўцы, каб на тэрыторыю не траплялі прадукты звонку. Карацей, стараемся выстаяць у напружанай абстаноўцы. Пакуль нас гэта абыходзіць. Думаю, што мы павінны выстаяць. За намі вялікі калектыў, якія разумее неабходнасць мер, каб захаваць працоўныя месцы і прадпрыемства”.

Спецыяліст кажа, што ў гэтым годзе ачагоў чумы на тэрыторыі раёна не адзначалася. Пагроза чумы ідзе з Расіі, у тым ліку праз міграцыю дзікоў.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі