Кандрусевіч: калі пераязджаў мяжу, стаў на калені і пацалаваў зямлю Беларусі
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч расказаў журналістам, як вярнуўся ў Беларусь.
Вяртання мітрапаліта Мінска-Магілёўскага чакалі 23 снежня, аднак на самалёце Кандрусевіч дадому не адправіўся. Ён падарожнічаў на аўто і прыехаў 24 снежня.
"Сёння святар з Польшчы на сваёй машыне прывёз да мяжы, а з беларускага боку пад'ехаў ксёндз Юзэф Станеўскі з Гродна. Я перанёс да яго ў машыну свае рэчы, і мы паехалі ў Беларусь", — расказаў Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі.
Арцыбіскуп расказаў пра сваю паездку ў Польшчу, якая ператварылася ў чатырохмесячнае выгнанне, калі памежнікі не русцілі яго ў Беларусь. Па словах Кандрусевіча, ён паехаў на першую камунію сыноў сваёй сваячкі. Яна была запланаваная на травень, але пандэмія каранавіруса ўнесла свае змены ў тэрміны.
Таксама Кандрусевіч планаваў наведаць дактароў: летась яму зрабілі аперацыю на пазваночніку і рэкамендавалі перыядычна заязджаць правярацца.
Мітрапаліт падкрэслівае, што лічыць радзімай Беларусь: "Я грамадзянін РБ, Беларусь — гэта мая Радзіма". Кандрусевіч кажа, што 16 гадоў служыў у Расіі , але заўсёды памятаў Беларусь.
"Сёння, калі я пераязджаў мяжу, я папрасіў кіроўцу спыніцца, стаў на калені, падзякаваў Богу за вяртанне, пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля! Я вырас тут! І ніколі я не паступаўся Беларуссю, заўсёды ахоўваў яе інтарэсы і буду рабіць гэта далей", — заявіў арцыбіскуп са слязьмі на вачах.
24 снежня Тадэвуш Кандрусевіч служыць дзве імшы ў мінскім архікафедральным касцёле.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.