Арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч расказаў пра стан свайго здароўя

Тадэвуш Кандрусевіч. Сакавік 2025-га / Кадр з відэа
Арцыбіскуп-эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч запісаў відэазварот да вернікаў, у якім расказаў пра стан свайго здароўя. Два гады таму ў яго знайшлі рак (меланому) і была зробленая аперацыя. Далей былі рэгулярныя медагляды. Аднак сёлета сітуацыя пагоршала.
"Роўна два тыдні таму падчас апошняй кантрольнай праверкі выявілася, што ў мяне ёсць метастазы, — кажа Кандрусевіч. — Метастазы пайшлі на лёгкія. На самой справе я не адчуваю гэтага, але факт ёсць фактам".
Арцыбіскуп-эмэрыт падзякаваў за малітвы. Ён кажа, што за яго здароўе маліліся ў розных кутках Беларусі, і не толькі католікі, але і праваслаўныя.
Пра тое, што 79-гадовы Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў шпіталі і праходзіць хіміятэрапію, нядаўна паведаміў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. У лютым 2023-га ён перанёс аперацыю па выдаленні пухліны, а ў траўні 2024 года яму рабілі аперацыю на сэрцы пасля перанесенага інфаркту.
У 2020-м Кандрусевіч ездзіў на Акрэсціна, каб падтрымаць вязняў, але яго не прапусцілі. Пасля гэтага арцыбіскуп выехаў у Польшчу па справах і чатыры месяцы не мог вярнуцца ў Беларусь — улады адмаўлялі яму ў праве ўезду. Вярнуцца на радзіму Кандрусевічу дазволілі толькі перад святам Божага Нараджэння, гэтаму папярэднічалі перамовы рэжыму Лукашэнкі і Ватыкана. Неўзабаве пасля свайго вяртання Кандрусевіч пайшоў на пенсію і перастаў кіраваць Касцёлам у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.