“Карона”: У нас раскупілі ўсе тэлевізары!
У ГУМе за адзін дзень размялі 23 лядоўні і 7 беларускіх тэлевізараў, а ювелірных вырабаў за 2 дні прадалі на 600 мільёнаў.
“Усе імпартныя тэлевізары набылі яшчэ 18-19 снежня. Цяпер у нас айчынныя. З лядоўнямі праблем менш. За ўчора прадалі 7 тэлевізараў і 23 лядоўні. У радыётаварах ўчора набылі на 251 мільён. На ювелірныя вырабы павышаны попыт, за 18-19 снежня прадалі на 600 мільёнаў”, — апісваюць шалёны гандаль у ГУМе.
Цяпер тут дзейнічае зніжка ў 20%, што заўважна адразу на падыходзе да крамы: увесь час патокам заходзяць людзі, выходзяць з торбамі. Найбольшыя чэргі ў бытавой тэхніцы. Тут ужо ляжаць некалькі ўпакаваных “Гарызонтаў”, на некаторых таблічкі “Прададзена”. У чарзе да прадаўшчыцы стаіць не менш за 20 чалавек. Паліца з фотаапаратамі — напаўпустая.
Чарга ў аддзел электратэхнікі ў ГУМе
Апроч тэхнікі скупляюць патэльні, шампунь, пральныя парашкі ды іншае. У маладой дзяўчыны ў кошыку заўважаю каля двух дзясяткаў лямпачак.
“Крыўдна, што такая цяпер сітуацыя, перад Калядамі. Нервовы стан нейкі, дурдом. Мы па дробязі купілі, для дома нешта”, — расказвае пенсіянерка Алена Вадзімаўна, якую сустракаю на выхадзе з ГУМа. Тэлевізар і лядоўню не набывала.
У “Кароне”, што ля Фрунзенскай, спакойна. Чэргаў няма. Аддзел з тэлевізарамі раніцай як пасля нашэсця — пустыя паліцы.
Так ранкам выглядае большасць паліц аддзела, які гандлюе тэлевізарамі
“Набылі ўсё, і са склада ўсё таксама. Засталося 13 тэлевізараў. Можа, заўтра прывоз будзе”, — папярэджвае мяне прадавец.
Рэшта тэлевізараў — “Віцязі” і “Гарызонты”.
Дзе-нідзе засталіся тэлевізары "Гарызонт"
“А дзе такі вялікі тэлевізар?” — расчаравана пытаецца адзін з пакупнікоў у прадаўца. Але той тэлевізар ужо набылі.
З лядоўнямі, пыласосамі і прасамі лепш: яны тут яшчэ ёсць, а новыя абяцаюць прывезці сёння ж. Але на некаторых таблічкі “Прададзена”. Каля пральных машын пазначаюць: “Засталіся дзве ці адна”.
Гандлёвы дом “На Нямізе” зніжак не дае. Яны былі два дні: 20 і 21 снежня. Таму апоўдні ў краме амаль няма людзей: некалькі пенсіянерак разглядаюць патэльні і рондалі. Тэлевізары і лядоўні — айчынныя. Калі завязуць замежныя, адказаць не могуць.
“За тры дні ўсё раскупілі, а калі завязуць — невядома”, — адказвае прадаўшчыца электратавараў.
Пры гэтым супрацоўнікі крамы і адміністрацыя спешна раскладваюць тавар туды, дзе ёсць месца на паліцах, развешваюць жырандолі. Відаць, чакаюць праверкі.