Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі прайграла суд расіянам

У Расіі закончыўся трохгадовы суд паміж санаторыем "Беларусь" (Чырвоная Паляна), які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, і сочынскай будаўнічай кампаніяй "Новы горад — Вытворчыя тэхналогіі".

Арбітражны суд Паўночна-Каўказскай акругі не задаволіў хадайніцтва беларускага санаторыя. Ён прызнаў правамоцнымі ўсе ранейшыя судовыя рашэнні, якія спрабаваў аспрэчыць беларускі бок, піша сайт "Заўтра тваёй краіны". Гэта азначае, што беларукі бок павінен будзе выплаціць штраф расіянам.

Санаторый "Беларусь" пачаў супрацоўнічаць з расійскай кампаніяй у 2006 годзе. Работы па рэканструкцыі, капрамонце і будаўніцтве аб'ектаў працягваліся 5 гадоў. А ў 2011-м беларуская ўстанова скасавала кантракт, не расплаціўшыся цалкам. На той момант санаторый не даплаціў больш за 1 мільён расійскіх рублёў. У тым жа 2011 годзе па дадатковым заданні ад санаторыя расіяне распрацавалі новую праектна-каштарысную дакументацыю, але грошай за працу не атрымалі.

У сакавіку 2014 года Арбітражны суд Краснадарскага краю пастанавіў спагнаць на карысць расійскай фірмы 62,3 млн расійскіх рублёў. З іх 55,3 млн склала плата за працу, а 7 млн — адсоткі за карыстанне гэтымі грашыма ў 2012-2014 гадах.

Беларускі бок спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне, але гэтае хадайніцтва не было задаволенае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі