Колькі працягнецца суд над Сашам Варламавым?
Працэс па справе мадэльера ідзе ўжо ўдвая больш, чым суд па справе выбуху ў метро.
Пяты месяц цягнецца суд над мадэльерам Сашам Варламавым. І ўжо больш за месяц у судзе вывучаюць матэрыялы справы, чытаюць пратаколы.
Сам Саша Варламаў ходзіць з мыліцай, п’е абязбольваючыя. Пад вартай ён з траўня 2011 года. За гэты час яму зрабілі чарговую аперацыю на пазваночніку. Па яго справе праходзіць 353 пацярпелыя і больш за паўтысячы сведак, а ўсяго ў справе 147 тамоў.
Суд у такіх выпадках можа трымаць пад вартай год, распавядае адвакат адной з мінскіх калегій.
“Калі шмат тамоў — шмат пратаколаў следчых дзеянняў, якія трэба агучваць — гэта займае вельмі шмат часу. Калі такія нюансы хутка разгледзець не ўдаецца. І крымінальна-працэсуальны кодэкс не ўстанаўлівае тэрмінаў разгляду справы. Па цяжкіх і асабліва цяжкіх справах максімальны тэрмін знаходжання пад вартай — год”.
А яшчэ да пачатку працэсу падсуднага 18 месяцаў можа трымаць пад вартай следства. Прыкладна столькі ж правёў на “валадарцы” Саша Варламаў. У выніку за кратамі ён ужо больш за два гады.
Такія выпадкі не рэдкасць, адразу кажуць у Генеральнай пракуратуры.
“Калі справа складаная ці падсудных шмат, ці цяжкую экспертызу суд прызначыў. У абласных судах такое часта, калі цяжкае забойства ці раскраданне, і людзей шмат праходзіць па справе”, — пералічваюць Еўрарадыё выпадкі, калі суд цягнецца доўга.
Для параўнання: следства па справе выбуху ў Мінскім метро цягнулася 5 месяцаў. На разгляд 565 тамоў справы супраць Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, спрэчкі бакоў і вынясенне прыгавору суду спатрэбілася 2,5 месяцы.
На пятым месяцы суда над Варламавым слухаюцца матэрыялы справы ў 147 тамоў.
“Суд абавязаны сам даследаваць кожны пратакол следчых дзеянняў, зачытаць. Бо пасля можна сказаць, што суд не вывучыў. І па такіх справах вывучаецца ўсё. Пасля агучвання пратаколаў у суда могуць з’явіцца пытанні — гэта таксама час”, — тлумачыць адвакат адной з мінскіх калегій.
Пры гэтым на судзе некаторыя пацярпелыя адмаўляліся ад сваіх ранейшых паказанняў, не лічылі сябе пацярпелымі і заяўлялі пра ціск з боку следства.
Але доўгія працэсы не рэдкасць, расказваюць у судзе Цэнтральнага раёна сталіцы. І прыгадваюць за два месяцы адзін такі выпадак па крымінальным артыкуле.
“Адна справа ў нас ужо больш за пяць месяцаў разглядаецца. Там шмат эпізодаў, шмат сведак”.
Нагадаем, Сашу Варламаву выстаўлена абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, якія прадугледжваюць адказнасць за ўчыненне махлярства ў асабліва буйным памеры, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйной суме, прысваенне маёмасці, ухіленне ад выплаты падаткаў, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Па неафіцыйных прагнозах суд можа скончыцца ў бліжэйшыя месяцы.
Варламаў прыйшоў на суд з мыліцай (ФОТА З СУДА)
Саша Варламаў: на допытах мне закрывалі рот
Саша Варламаў: на першых допытах я быў у шокавым стане
Фота - Еўрарадыё