Варламаў: Не прызнаю сябе вінаватым і не адмаўляюся ад апошняга слова!
Пасля вызвалення мадэльер збіраецца ў царкву, не хоча займацца модай і хоча “навучыцца зноў хадзіць”.
Больш за два гады за кратамі і амаль паўгода ў судзе правёў Саша Варламаў. Каб абвесціць прысуд мадэльеру, суддзі Новікавай спатрэбілася каля 15 хвілінаў. Пачуць вердыкт сабраліся сваякі, былыя калегі мадэльера: вольных месцаў у зале не было.
У сваякоў на вачах слёзы, бо прысуд — пяць гадоў пазбаўлення волі без накіравання ў калонію: Варламава вызваляюць у зале суда, але прызнаюць вінаватым па некалькіх эканамічных артыкулах Крымінальнага кодэксу.
“Хачу зайсці ў царкву, пасля — памыцца. Я быў веруючы даўно. Зараз я хацеў спыніцца на тым, што я вольны, што мне трэба прывесці ў парадак сваё здароўе. Спадзяюся, што Бог дасць мне нейкую справу, якой я змагу займацца. Не думаю, што мода — гэта тое месца, дзе мяне зараз чакаюць”, — прамаўляе Варламаў адразу пасля вызвалення, абапіраючыся на сцяну і кіёк.
Яму цяжка стаяць, бо мадэльер перажыў некалькі аперацый на пазваночніку. Адну з іх — падчас зняволення. І хоць Варламаў спадзяваўся, што яго апраўдаюць цалкам, але мадэльер задаволены, што на волі. Прысуд пакуль абскарджваць не збіраецца.
“Я спадзяваўся на поўнае апраўданне. Але… Мяне вызвалілі. Гэта галоўнае. Я не адмаўляюся ад свайго апошняга слова і па-ранейшаму не лічу сябе вінаватым. Я ганаруся той справай, якую я рабіў. Гасподзь паслаў гэтае выпрабаванне і даў моцы гэта вытрываць. Мне трэба стаць на ногі, фізічна памацнець, навучыцца быць вольным”, — прызнаецца ён Еўрарадыё.
Апроч пазбаўлення волі, Варламаву прысудзілі канфіскацыю маёмасці. Але, паводле слоў мадэльера, у яго толькі пральная машына і стары тэлевізар: няма чаго канфіскоўваць.
У сёстраў Варламава — слёзы на вачах. Радуюцца вызваленню.
“Дома — гэта не ў шэрых сценах. Ён не злачынца, каб там знаходзіцца. Ён ніякі не злачынца. А здароўе будзем выпраўляць”, — даводзіць сястра мадэльера Рыма Шымчонак.
Саша Варламаў прысуджаны да пяці гадоў абмежавання волі з канфіскацыяй маёмасці без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.
Але пяць гадоў “хатняй хіміі” (так у абыходжанні называюць меру пакарання, абраную для Варламава) прыраўноўваюцца да 2,5 года зняволення. Саша Варламаў быў узяты пад варту ў сярэдзіне траўня 2011 года. Паводле яго ўласных слоў, за кратамі ён правёў два гады і два месяцы.
Гэта значыць, Варламаву засталося адбыць 8 месяцаў “хатняй хіміі”.
Фота - Еўрарадыё