Кожны кандыдат на мясцовых выбарах зможа мець да 5 давераных асобаў
Кожны кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання зможа мець да пяці давераных асоб. Такую інфармацыю размясціў Цэнтрвыбаркам Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць з 10 снежня па 8 студзеня, прычым 8 студзеня — гэта апошні дзень падачы дакументаў. Непасрэдна рэгістрацыя будзе праводзіцца з 9 па 18 студзеня адпаведнымі акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі.
Затым пачынаецца перыяд перадвыбарчай агітацыі. Для гэтых мэтаў кандыдаты маюць права выкарыстоўваць СМІ, вырабляць і распаўсюджваць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку (сходы, мітынгі, пікетаванне), сустракацца з выбаршчыкамі і ажыццяўляць агітацыю ў іншых формах.
За кошт бюджэтных сродкаў акруговымі і тэрытарыяльнымі выбаркамамі вырабляюцца агульныя плакаты з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў для размяшчэння на тэрыторыях выбарчых акругаў. Таксама за кошт сродкаў бюджэту вырабляюцца і накіроўваюць усім выбаршчыкам інфармацыйныя матэрыялы пра прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Можна на бязвыплатнай аснове скарыстацца прадастаўленымі памяшканнямі для сустрэч з выбаршчыкамі.
Акрамя таго, кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў будуць мець магчымасць бясплатна выступіць па дзяржаўным радыё. Для самастойнага фінансавання дадатковых мерапрыемстваў па перадвыбарнай агітацыі дазваляецца ствараць уласныя выбарчыя фонды ў наступных памерах: кандыдаты ў дэпутаты абласных, Мінскага гарадскога Саветаў — да 30 базавых велічынь (адна БВ складае Br23); кандыдаты ў дэпутаты іншых Саветаў — да 10 базавых велічынь.