Латушка: Думаю, што Макей здрадзіў самому сабе
Былы міністр культуры, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка даў інтэрв'ю YouTube-каналу "жизнь-малина". Яго вядучы Мікіта Мелказёраў упершыню зрабіў чарговы выпуск беларускамоўным.
Латушка гаварыў пра Святлану Ціханоўскую і яе інаўгурацыю, якая пакуль не адбылася, пра нянавісць да Аляксандра Лукашэнкі, пра міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
"Думаю, што Макей — здраднік, — кажа Павел Латушка. — Ён здрадзіў самому сабе".
Латушку падаецца, што ва Уладзіміра Макея "ёсць разуменне важнасці беларускасці, беларускай дзяржаўнасці, культуры, гісторыі". У тым ліку і таму, што ён ураджэнец Гродзеншчыны, якая дала нашай краіне так шмат беларускіх дзеячоў.
"Ён падтрымліваў практычна ўсе мае праекты, якія былі звязаны з прасоўваннем беларускай культуры, — працягвае Латушка. — Калі я быў міністрам, то ў нас былі вельмі складаныя адносіны, у нас было шмат канфліктаў. Але калі я быў паслом, то ён вельмі падтрымліваў".
Павел Латушка лічыць, што ў той час Макей дзейнічаў "напалову шчыра, але нешта ўнутры было".
Уладзіміру Макею 63 гады. У 2008-2012 гадах кіраваў Адміністрацый прэзідэнта, а пасля быў прызначаны міністрам замежных спраў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.