Латушка: Каардынацыйная рада гатовая вярнуцца і прыступіць да перамоваў
Былы міністр культуры і дыпламат, сябра Каардынацыйнай рады Павел Латушка ў размове з тэлеканалам "Дождь" заявіў, што прадстаўнікі прэзідыума Каардынацыйнай рады гатовыя вярнуцца ў Беларусь і пачаць перамовы з адміністрацыяй Лукашэнкі пра трансфер улады.
"Мы гатовыя ўзяць адказнасць за кіраванне краінай у пераходны перыяд да моманту абрання новага кіраўніка дзяржавы, —сказаў Латушка. — Калі будуць адпаведныя гарантыі Еўрасаюза і Расійскай Федэрацыі, мы неадкладна гатовыя прыбыць у Беларусь і прыступіць да перамоваў".
Латушка дадае, што Каардынацыйная рада працягвае працу нягледзячы на вымушаную эміграцыю і затрыманне некаторых яе сяброў. Сустрэчы і перамовы яе ўдзельнікаў адбываюцца праз відэасувязь і месенжары. Палітык кажа, што ўжо ёсць напрацоўкі, дзякуючы якім краіна пасля сыходу Лукашэнкі не апынецца ў хаасе.
Апроч таго, былы дыпламат гатовы да стварэння альтэрнатыўнай структуры беларускага МЗС за мяжой:
"Я гатовы сказаць міністру замежных спраў, для мяне ніякай праблемай не зяўляецца стварэнне паралельнага міністэрства замежных справаў за мяжой. Сёньня заявілі аб адстаўцы яшчэ шэраг дыпламатаў, так што без праблемаў можа быць сфармаванае паралельнае МЗС Беларусі".
У верасні Латушка быў пазбаўлены дыпламатычнага рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага апасла "у сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія ганьбяць дзяржаўную (дыпламатычную) службу". Ён быў паслом Беларусі ў Польшчы, у Францыі, Каралеўстве Іспанія і Партугальскай Рэспубліцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.