Латвія забараніла ўвоз беларускіх мясных і малочных прадуктаў
Прычына – афрыканская чума свіней.
"У сувязі з хваробай свіней на тэрыторыі Беларусі афрыканскай чумой Дзяржаўная ветэрынарная служба Латвіі забараніла ўвоз мяса, мясных прадуктаў, малака і малочных прадуктаў на тэрыторыю Еўрапейскага саюза праз беларуска-латвійскую мяжу", - паведаміла 3 ліпеня пасольства Латвіі ў Мінску, інфармуе БелаПАН.
Нагадаем, што 2 ліпеня ў сувязі з успышкай афрыканскай чумы свіней у Беларусі кіраўнік літоўскай ветэрынарна-харчовай службы Літвы Ёнас Мілюс назваў сітуацыю практычна некіравальнай. Ён нагадаў, што першы ачаг інфекцыі быў знойдзены на мінулым тыдні ў Гродзенскай вобласці ў 30 кіламетрах ад мяжы з Літвой, а новы зафіксаваны ў Віцебскай вобласці ля мяжы з Латвіяй.
На мінулым тыдні Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі афіцыйна прызнала існаванне афрыканскай чумы свіней у нашай краіне. Тады паведамлялася, што ў межах барацьбы з хваробай знішчана 1646 жывёл. Больш актуальнай інфармацыі на гэтую тэму беларускія афіцыйныя асобы не агучвалі.
Фота yuga.ru