Лідар “Начных ваўкоў” Хірург: Беларусь — гэта Расія
Сябры адыёзнага расійскага байкерскага клуба “Начныя ваўкі” сёння прыбылі ў Беларусь і наведалі мясціны, звязаныя з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Падчас візіту ў мемарыяльны комплекс у Хатыні лідар клуба Аляксандр Залдастанаў (Хірург) пашкадаваў пра распад Савецкага Саюзу ў 1991 годзе і сказаў, што лічыць Беларусь і Украіну часткамі Расіі, паведамляе Белсат.
“Беларусь — гэта Расія, Украіна — гэта Расія”, — заявіў ён.
Цяпер байкеры будуць спрабаваць трапіць у Польшчу, якая ўжо абвесціла, што не пусціць удзельнікаў мотапрабегу на сваю тэрыторыю. Беларускія памежнікі паабяцалі прапусціць іх на польскі бок.
Залдастанаў будзе суправаджаць калону байкераў да Брэста, бо праз санкцыі за ўдзел у анексіі Расіяй Крыма і спробе захопу Данбаса ён неўязны ў Еўрасаюз.
Летась “Начныя ваўкі” таксама спрабавалі трапіць у ЕС, але іх развярнулі польскія памежнікі ў Тэрэспалі.