Lufthansa адмяняе рэйсы з Мінска ў сувязі са страйкам пілотаў
Рэйсы нямецкай авіякампаніі 20 кастрычніка адмененыя.
"Паколькі аб'яўлена забастоўка, рэйсы сёння выконвацца не будуць. Калі патрабаванні страйкоўцаў будуць выкананыя сёння, то заўтрашнія рэйсы адбудуцца", — перадае БелаПАН словы супрацоўнікаў кампаніі.
Згодна з раскладам, 20 кастрычніка мусілі адбыцца рэйсы Мінск — Франкфурт-на-Майне ў 13.40 і Франкфурт-на-Майне — Мінск у 20.40.
Лётчыкі авіякампаніі Lufthansa абвясцілі чарговую двухдзённую забастоўку 20 і 21 кастрычніка. Авіяперавозчык плануе адмяніць 1.450 рэйсаў. Кампанія Lufthansa настойвае, каб лётчыкі выходзілі на аплачваную пенсію на некалькі гадоў пазней, а прафсаюз спрабуе гэтага не дапусціць. Кампрамісныя прапановы прафсаюза авіякампанію не задавальняюць. З красавіка 2014 года пілоты найбуйнейшай у Еўропе авіякампаніі правялі ўжо сем страйкаў.
Фота: euromag.ru