Лукашэнка на нарадзе па эканоміцы: "Пустых грошай друкаваць не будзем"
У Беларусі неабходна знайсці новыя кропкі росту эканомікі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця эканомікі, якая праходзіць 10 лютага. Паводле інфармацыі БЕЛТА, для ўдзелу ў нарадзе запрасілі невялікую групу экспертаў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў правядзенні сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў краіне.
Перад гэтым з'явілася інфармацыя, што былы старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч звярнуўся з лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Ён раскрытыкаваў стагнацыю ў эканоміцы і прапанаваў "уключыць грашовы станок" для ўмеранай эмісіі.
На фатаздымку можна пабачыць, што экс-кіраўнік Нацбанка прысутнічае на нарадзе ў Лукашэнкі.
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што пры развіцці беларускай эканомікі выпрабоўваліся розныя метады — і кансерватыўныя, і ліберальныя. "Але, зыходзячы з таго, што ісціна пасярэдзіне, думаю, мы сёння зможам дамовіцца і знайсці нейкія кампрамісы", — дадаў Лукашэнка.
На яго думку, развіццё эканомікі мусіць быць збалансаваным — без валютных узрушэнняў, плацежных крызісаў ды іншых негатыўных з'яў.
Своеасаблівым адказам на ліст Пракаповіча прагучала наступная заява беларускага кіраўніка: "Калі нехта разлічвае на маштабную эмісію, то маё патрабаванне абсалютна вядомае і зыходзіць з сутнасці эканамічнага развіцця апошніх гадоў: пустых грошай друкаваць не будзем. Неабходна вырашаць усе пытанні ўласнымі сіламі за кошт граматнага эканамічнага рэгулявання і паляпшэння дзелавога клімату".
Таксама Лукашэнка паведаміў, што сённяшняя нарада ў вузкім коле не падмяняе будучага абмеркавання на пашыраным пасяджэнні ўрада. Яно павінна адбыцца бліжэйшым часам.