Лукашэнка павіншаваў Пуціна і выказаўся пра волю да яднання
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў свайго расійскага калегу Уладзіміра Пуціна з Новым годам і Раством Хрыстовым. Тэкст віншавання публікуе прэс-служба прэзідэнта.
"У надыходзячым годзе мы адзначаем знамянальную дату — дваццацігоддзе з дня падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя прайшлі няпросты шлях, але сёння з упэўненасцю можна казаць аб тым, што саюз двух народаў адбыўся", — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы пераканы, што далейшая карпатлівая праца па захаванні нацыянальных інтарэсаў дзвюх краін у рамках Саюзнай дзяржавы, заснаваная на глыбокім даверы і павазе, надасць сур'ёзны імпульс развіццю ўсяго спектра двухбаковых адносін.
"Воля беларусаў і расіян да яднання, як і раней, будзе служыць трывалай падставай для інтэграцыйнага будаўніцтва, шматпланавага супрацоўніцтва і фарміравання агульнай найноўшай гісторыі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін у навагоднім віншаванні беларускаму лідару канстатаваў, што, абапіраючыся на добрыя традыцыі сяброўства і добрасуседства, расійска-беларускае супрацоўніцтва плённа развіваецца ў палітычнай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах.
"Перакананы, што далейшае ўмацаванне адносін стратэгічнага партнёрства паміж Расіяй і Беларуссю ў поўнай меры адпавядае інтарэсам нашых брацкіх народаў", — гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Расіі.