Лукашэнка пра пластыкавы посуд: Труцім людзей, дык яшчэ і прыроду засмечваем
Аляксандр Лукашэнка катэгарычна супраць выкарыстання пластыкавага посуду ў сталовых, дзе будуць карміць удзельнікаў Еўрапейскіх гульняў ІІ. Пра гэта кіраўнік краіны выказаўся сёння, наведваючы Студэнцкую вёску, дзе размесцяць удзельнікаў спаборніцтваў.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнку прадэманстравалі кухню і сталовую, дзе будуць харчавацца атлеты. Пабачыўшы, што іх мяркуюць карміць з пластыкавага посуду, кіраўнік дзяржавы абурыўся.
“Хопіць гэтага пластыка. Мала таго што труцім людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць, — сказаў Лукашэнка. — У нас жа паперы — колькі хочаш, шкла — колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішнія дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе”.
Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі павінны перапрацоўваць 50-60% адходаў і актыўней выкарыстоўваць другасную сыравіну. Таксама ён даручыў узяць пад кантроль пытанні раздзельнага збору адходаў і іх перапрацоўкі.
“Другсыравіна і адходы — гэта сур’ёзнае пытанне. Крый божа, захлынемся, як у Расіі. Расія вялізная, а адкіды вывозіць няма куды, бо людзі ўжо не хочуць дыхаць брыдотай”, — сказаў кіраўнік краіны.