Cadillac Escalade за $70 тысяч 3 гады прастаяў без справы ў прэзідэнцкім гаражы

Той самы "кадылак" / cars.av.by
Той самы "кадылак" / cars.av.by

Якія машыны стаяць у "прэзідэнцкім гаражы" — установе "Белтрансспецаўта" Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, якая возіць беларускіх чыноўнікаў і афіцыйныя дэлегацыі, якія прыбываюць у нашу краіну? 24 красавіка ў Інстытуце нерухомасці і ацэнкі пройдзе аўкцыён, дзякуючы якому мы можам даведацца пра гэта. На таргі выстаўлены тры дарагія пазадарожнікі: Cadillac Escalade III 2012 года выпуску, BMW X5 M 2011 года і BMW X6 M 2009 года выпуску.

Пачатковая цана Cadillac Escalade цяпер — 26 800 рублёў. Гэта разоў у сем менш, чым такая машына каштуе ў салоне. На сайце дзяржзакупак Еўрарадыё знайшло тэндар на падобны легкавы аўтамабіль, па часе адпаведны закупцы "кадылака", выстаўленага на аўкцыён, — адзіная прапанова ацэньвалася ў $76 тысяч.

Cadillac Escalade за $70 тысяч три года простоял без дела в президентском гараже
Cadillac Escalade / cars.av.by

Чаму цяпер пазадарожнік каштуе так танна? Рэч не толькі ва ўзросце і прабегу. А яшчэ і ў тым, што аўтамабіль за $76 тысяч дзяржаўных сродкаў апошнія тры гады... прастаяў у гаражы. Як і два іншыя паркетнікі, выстаўленыя на аўкцыён.

"Яны стаяць ужо каля трох гадоў, а да гэтага былі ў пастаяннай эксплуатацыі. Самы вялікі недахоп — тое, што машыны стаяць тры гады. Адпаведна, і акумулятары ўжо можна выкінуць, і тармазная сістэма ўжо не ў найлепшым стане. Было абнаўленне парку, і цяпер гэтыя машыны выведзеныя з эксплуатацыі. Яны нам не патрэбныя, яны вычарпалі свой рэсурс", — расказаў Еўрарадыё супрацоўнік "Белтрансспецаўта".


Як сёння расказалі Еўрарадыё ў "Белтрансспецаўта", асноўная прычына, з якой пазадарожнікі выстаўлены на аўкцыён, гэта вычарпанне імі свайго рэсурсу. Пры гэтым самы стары аўтамабіль — BMW X6 M — з улікам трохгадовага прастою ў гаражы быў у эксплуатацыі не больш за 8 гадоў. А прабег за той час і зусім несур'ёзны — 172 тысячы кіламетраў, або ў сярэднім 21 тысяча за год. Другі BMW з аўкцыёну (з улікам прастою) эксплуатаваўся 6 гадоў, а Cadillac дык і зусім усяго 5 гадоў пабегаў!

Cadillac Escalade за $70 тысяч три года простоял без дела в президентском гараже
BMW Х5 Е70 чакае свайго новага гаспадара ў гаражы "Белтрансспецаўта". Прыгожы, праўда?

У 2018 годзе Еўрарадыё пісала, як аўтапарк "Белтрансспецаўта" папаўняецца легкавымі і пасажырскімі аўтамабілямі амаль на $1 мільён. Сярод транспартных сродкаў, якія былі пазначаны ў тэндары, — пазадарожнік Toyota Land Cruiser 200, рэанімабіль, груза-пасажырскі аўтамабіль, а яшчэ тры Mercedes-Benz Е400 і Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long або яго аналаг.


"Парк старэе, і ён патрабуе замены, — расказаў тады Еўрарадыё прадстаўнік "Белтрансспецаўта" Юрый Крывулец.Мы абслугоўваем найвышэйшых службовых асоб, замежныя дэлегацыі, якія да нас прыязджаюць. Мы ж не будзем гэта рабіць на нейкіх старых аўтамабілях, каб пасля рэпутацыя нашай дзяржавы плямілася, таму даводзіцца падтрымліваць парк у належным стане. Калі аўтамабіль 12 гадоў абслугоўвае замежныя дэлегацыі, ён зношваецца — яго трэба замяніць".

Выходзіць, купіўшы новыя аўтамабілі прадстаўніцкага класа, у "Белтрансспецаўта" на тры гады паставілі тры дарагія пазадарожнікі на стаянку. Ну а што? Кіраўніцтва справамі прэзідэнта можа сабе дазволіць.

Дарэчы, у студзені 2020 года "Белтрансспецаўта" ўжо прадало з аўкцыёну 6 аўтамабіляў: 4 Audi A8 і 2 Mercedes-Benz. Тэндараў для абнаўлення аўтапарка ў 2020 годзе арганізацыя не праводзіла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі