Маці, якая ледзь не забіла 7-гадовую дачку, - рэгулярная пацыентка "Навінак"

“Еўрапейскае радыё” паспрабавала высветліць, ці вернецца яна з лякарні дахаты і ці будзе Ксюша ў такім выпадку ў небяспецы.
Тыдзень таму, 19 траўня, жыхарка Мінску Людміла Свідзерская ўдарыла нажом 7-гадовую дачку Ксенію. Выратаваў дзіця бацька. Пачуўшы крыкі дачкі, ён ускочыў у спальню і паспеў адцягнуць яе ад маці. Жанчына стаяла над Ксюшай з занесеным для другога ўдару акрываўленым нажом. Адзінае, што яна сказала, гэта што дачку ёй загадаў забіць голас з вышыняў.

Ксюшу адвезлі ў аддзяленне тэрміновай хірургічнай дапамогі дзіцячай лякарні. Маці – у “Навінкі”.

Нечакана ў рэдакцыю “Еўрарадыё” патэлефанавалі жыхары дома, дзе здарылася трагедыя, і з жахам расказалі, што днямі бачылі Людмілу Свідзерскую ва двары свайго дома. Але як упэўніла медсястра 10-га аддзялення, дзе знаходзіцца хворая, такое немагчыма.

Галіна: “У нас закрытае аддзяленне, мы ніколі нікога нікуды не выпускаем. Раней мы адпускалі хворых дадому на выходныя, але гады 2 як гэта ўжо не практыкуецца”.

Як стала вядома “Еўрапйскаму радыё”, Людміла Свідзерская добра знаёмая дактарам псіхіятрычнай лякарні ў Навінках. Медсястра, якая назвалася Галінай, нават не змагла дакладна сказаць, колькі ўжо разоў гэтую жанчыну прывозілі да іх з абвастрэннем шызафрэніі.

Галіна: “Гэта наша хворая. Яна ляжыць у нас ужо не першы раз. Колькі дакладна, я сказаць не магу, але далёка не першы раз”.

Сёння, па сведчанні медыцынскай сястры, Людміла Свідзерская знаходзіцца ў цяжкім стане. Ад канчатковага вар’яцтва яе ратуюць таблеткі і ўколы. З улікам таго, што жанчына даўні пацыент “Навінак”, лагічна ўзнікае пытанні наконт мэтазгоднасці выпіскі такіх патэнцыйна небяспечных пацыентаў. Але па словах супрацоўніцы псіхіятрычнай лекарні, цалкам ізаляваць іх немагчыма.

Галіна: “У нас жа не інтэрнат, у нас пастаянна хворыя не ўтрымліваюцца. Нават калі прызначаюць прымусовае лячэнне. Яны ў нас толькі на нейкі пэўны тэрмін. Потым глядзяць на іх стан -- і выпісваюць. Калі стан нармальны, кантактуе з іншымі людзьмі – ідзе на выпіску”.

Па сведчанні медыкаў, пасля выпіскі пацыентаў “Навінак” ставяць на ўлік у псіханеўралагічным дыспансеры па месцы жыхарства. За імі сочаць, прызначаюць лячэнне, а пры неабходнасці ізноў накіроўваюць у лякарню. Толькі гэта не ратуе ад трагедыі. Год таму жанчына, якая таксама неаднаразова лекавалася ў “Навінках”, жудасна катавала, а потым павесіла сваю 9-гадовую дачку. Не так даўно яшчэ адна мінчанка забіла сваю дачку праз 12 дзён пасля выпіскі з лякарні.

Суседзі і родныя Людмілы Свідзерскай наўрад ці ўбачаць яе ў хуткім часе. Па словах выканаўцы абавязкаў пракурора Ленінскага раёна Уладзіміра Краўчанкі, супраць яе распачатая крымінальная справа па артыкуле “Замах на забойства”.

Ксюша пакуль знаходзіцца ў лякарні, але, па словах медыкаў, яе здароўю ўжо нічога не пагражае.

Іншая справа хворыя, якія хоць і былі прывезеныя ў лякарню міліцыянерамі, але злачынства пакуль не здзейснілі. Намеснік галоўнага доктара па медыцынскай частцы Рэспубліканскай клінічнай псіхіятрычнай лякарні Станіслаў Саковіч кажа, што пра іх выпіску праваахоўным органам нават не паведамляюць.

Станіслаў Саковіч: “Мы ж не турма: прыходзіць час -- і выпісваем. А паведамляць… У кожнага свая праца: у міліцыі свая, у нас свая”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі