Марына Папова: Калі няма магчымасці пайсці на абед, бярыце ежу з сабой
Галоўны дыетолаг Мінска Марына Папова дзеліцца сакрэтамі здаровага харчавання.
Еўрарадыё: Што значыць – здаровае харчаванне?
Марына Папова: Здаровае харчаванне павінна, перш за ўсё, максімальна забяспечваць здароўе чалавека – працаздольнасць, доўгажхарства, фізічную актыўнасць, а таксама павінна служыць прафілактыкай для з’яўлення розных захворванняў і адпавядаць стану здароўя чалавека.
Еўрарадыё: Колькі разоў на дзень правільна харчавацца?
Марына Папова: Не менш за пяць. Тры галоўныя прыёмы ежы і два дадатковыя - абавязкова.
Еўрарадыё: Каторы з прыёмаў ежы павінен быць самым сытным?
Марына Папова: На жаль, сёння ў большасці людзей самым сытным атрымліваецца вячэра з-за абставінаў, працы і іншых момантаў. Але па правілах самым сытным павінен быць абед, ён павінен утрымліваць 30-35 адсоткаў суткавай каларыйнасці.
Еўрарадыё: І як у складаным гарадскім жыцці збалансаваць харчаванне?
Марына Папова: Калі няма магчымасці выходзіць кудысьці абедаць, трэба абавязкова браць ежу з сабой. Тое ж мяса, гарнір з гародніны, садавіна, сокі, малочныя прадукты, пры ўмове захавання тэмпературнага рэжыму. Арэхі, сушаная гародніна – сёння дастаткова вялікі выбар таго, што можна ўзяць з сабой на працу ці вучобу.
Еўрарадыё: Зараз модна не проста адмаўляцца ад мяса, а пераходзіць на харчаванне выключна сырымі прадуктамі. Што вы пра гэта думаеце?
Марына Папова: Нават абсалютна здаровы чалавек не можа харчавацца толькі сырымі прадуктамі. Суадносіны павінны быць 50 на 50 паміж сырымі прадуктамі і тымі, што прайшлі тэрмічную апрацоўку. А тым больш калі ёсць праблемы са здароўем – сыраядзенне павінна быць цалкам выключанае. Другі момант – не ўсе прадукты можна есці сырымі. Нельга забяспечыць збалансаванае харчаванне выкарыстоўваючы толькі сырыя прадукты.
Еўрарадыё: Якія прадукты перш за ўсё варта есці летам?
Марына Папова: У першую чаргу трэба аддаць перавагу свежай садавіне і гародніне. Як толькі яны з’яўляюцца ў прыродзе і на градах, трэба максімальна ўключаць іх у рацыён. Рэкамендуецца за суткі з’ядаць паўкілаграма гародніны і да 400 грамаў садавіны. Гэта ўсё павінна быць разнастайным. Не варта пры гэтым забывацца на асноўныя складнікі харчавання чалавека – крыніцы бялку. Гэта мяса, рыба, тварог, ад іх нельга адмаўляцца ні ў якую пару года – яны забяспечваюць чалавеку максімальнае здароўе, даўгажыхарства, працаздольнасць.
Еўрарадыё: Некаторыя лічаць, што малако не карыснае для дарослых людзей. Ці сапраўды гэта так?
Марына Папова: Гэтае меркаванне звязанае з ферментам лактазай, які ў чалавечым арганізме адказны за засваенне малочнага цукру – лактозы. У некаторых людзей з узростам зніжаецца актыўнасць гэтага фермента і калі малочны прадукт трапляе ў арганізм, гэта выклікае непрыемныя адчуванні. Такім людзям лепш перайсці на кісламалочныя прадукты. Але ў той жа час, калі няма адмоўнага ўспрымання арганізмам, то няма сэнсу выключаць малако з рацыёну.
Еўрарадыё: Якія вашыя ўлюбёныя летнія стравы?
Марына Папова: Стараюся аддаваць перавагу свежай садавіне, ягадам, гародніне.