Медбрата звольнілі пасля скаргаў на ўмовы працы

Кіраўніцтва медустановы звольніла Дзмітрыя Лучыца акурат перад яго адпачынкам. Па словах медыка, які прапрацаваў у абласной лякарні 4 гады, аб'ектыўных прычын для звальнення не было.

Брэсцкі праваабаронца Уладзімір Малей звязвае звальненне з тым, што паўгода Лучыц звяртаў увагу свайго кіраўніцтва на шматлікія парушэнні працоўнага кодэксу. Напрыклад, на вельмі высокую тэмпературу ў рэанімацыі: замест патрэбных 25 градусаў летам тут даходзіць да 35 градусаў. А пры такой тэмпературы частка медыкаментаў папросту псуецца.

“Супрацоўнікі рэанімацыйнага аддзялення №1 ад свайго загадчыка патрабавалі ліквідаваць гэтыя недахопы, стварыць нармальныя ўмовы для працы. Праводзіліся зборы ў працоўным калектыве, дзе яны выказваліся, складаліся пратаколы, аднак начальнік аддзялення не рэагаваў і лічыў, што натхняльнікам усяго гэтага з'яўляецца Дзмітрый Лучыц”, - расказвае праваабаронца Уладзімір Малей.

Як таксама дадае праваабаронца, аб перадузятасці да асобы Лучыца сведчыць і цяжкае кадравае становішча ў абласной лякарні №1. У медустанове не хапае больш за 200 спецыялістаў, 20 з якіх менавіта ў рэанімацыйным аддзяленні. Звальненне спецыяліста ў такіх умовах, адукацыю якога некалькі год аплачвала дзяржава, Уладзімір Малей называе абуральным:

“Чаму наймальнік звальняе і не нясе ніякай адказнасці за ўжо гатовага спецыяліста? Два гады адпрацаваў абавязкова і яшчэ два гады адпрацаваў. Перад звальненнем, кажа Лучыц, адпраўлялі на тры месяцы на перападрыхтоўку — таксама дзяржава з бюджэту выдадткавала сродкі: апрыйшоў пасля гэтага — і звольнілі! Чаму ён нясе адказнасць за гэта?”

Скаргі на працоўныя парушэнні ў лякарні і на беспадстаўнае звальненне Зміцер Лучыц накіраваў ў Міністэрствы аховы здароўя і аховы працы, а таксама ў Брэсцкі аблвыканкам.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі