Мігрант, які з тэрыторыі Беларусі забіў польскага памежніка, змог трапіць у ЕС
Польскія вайскоўцы на мяжы з Беларуссю
Мігрант, які з тэрыторыі Беларусі праз плот смяротна параніў польскага памежніка, змог трапіць у ЕС. Яго бачылі ў Заходняй Еўропе: у прыватнасці — у Францыі і ў Бельгіі. Гэтымі данымі валодаюць польскія спецслужбы.
"Як армія мы не можам правесці расследаванне, але адпаведныя службы ўмяшаліся. Асоба меркаванага забойцы выяўленая. У нас ёсць яго фота, мы ведаем, дзе ён быў і дзе фігуруе", — расказвае генерал Аркадзіюш Шкутнік, камандуючы аперацыяй "Бяспечнае Падляшша".
Загінулага сяржанта Матэвуша Сітэка ён назваў "маім салдатам".
18-я механізаваная дывізія, у якой служыў 21-гадовы Сітэк, цягам трох месяцаў вяла аперацыю на мяжы з Беларуссю. 28 траўня 2024 года хлопец атрымаў цяжкае раненне, спыняючы спробу групы мігрантаў прарвацца ў Польшчу з беларускай тэрыторыі. У стальным плоце на мяжы мігранты прарабілі пралом, і салдат спрабаваў шчытом перакрыць яго. У гэты момант яго ўдарылі нажом.
Вайсковец знаходзіўся ў коме. Выратаваць яму жыццё не ўдалося. Ён памёр 6 чэрвеня ў Вайсковым медыцынскім інстытуце ў Варшаве.
Асоба замежніка, прызнанага патэнцыйным забойцам Матэвуша Сітэка, неўзабаве была ўстаноўленая. Яшчэ нейкі час ён хаваўся ў Беларусі. А пасля ўсё ж трапіў у Еўрасаюз. "Я думаю, што гэта пытанне часу, калі яго арыштуюць", — дадаў Аркадзіюш Шкутнік.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.